Яшчэ ў бягучым месяцы ўладальнікі іпатэчных крэдытаў у польскай валюце змогуць падаць заяўку на «крэдытныя вакацыі», паведаміў прэс-сакратар урада Пётр Мюлер. Адмысловы акт, які падпісаў прэзідэнт Анджэй Дуда, дазваляе адтэрмінаваць восем выплат іпатэчнага крэдыту да канца наступнага года. Гэта дапамога для крэдытаатрымальнікаў у сувязі з рашучым ростам працэнтных ставак. Як паведаміў Пётр Мюлер, працэдура падачы заявак на «крэдытныя вакацыі» будзе простай і даступнай:
- Такую заяўку можна будзе падаць, як, асабіста ў сваім банку, так і пры дапамозе электронных сродкаў. Электронныя заяўкі можна будзе запаўняць напрыканцы ліпеня і пачатку жніўня. Прыпыніць выплаты іпатэчнага крэдыту можна будзе ўжо са жніўня бягучага года.
«Крэдытнымі вакацыямі» змогуць карыстацца ўладальнікі іпатэчных крэдытаў у польскай валюце, якія былі ўзятыя на жылую нерухомасць.
IAR /аз