Штучныя ўгнаенні апынуліся ў цэнтры геапалітычнай гульні за харчовую бяспеку. Гэта вельмі добрая навіна для Расіі, Беларусі і Кітая, якія зʼяўляюцца аднымі з найбуйнейшых экспарцёраў гэтай прадукцыі. Сусветная гонка за ўгнаенні ўжо насцярожыла ЗША, перасцерагае Bloomberg, якога цытуе старонка money.pl.
Большая частка свету па пастаўках угнаенняў залежыць ад некалькіх краін. Гаворка ідзе пра Расію і яе саюзнікаў Беларусь і Кітай. Падобным чынам, як паўправаднікі сталі кропкай узгарання геапалітычных трэнняў, зараз праблема з угнаеннямі можа стаць чарговай пагрозай для сусветнай харчовай бяспекі.
Аб важнасці ўгнаенняў сведчыць факт, што ААН умяшалася па справе «вызвалення» 20 тысяч тон расійскага прадукту з порта Ратэрдама. Сусветная харчовая праграма зафрахтавала судна з угнаеннямі, якія перавезла ў Мазамбік, а затым у Малаві.
Нагадваем, Малаві – адна з 48 краін Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі, якія, паводле Міжнароднага валютнага фонду, могуць пацярпець найбольш у выніку росту коштаў харчавання і ўгнаенняў, выкліканага вайной ва Украіне.
Вартасць сусветнай галіны ўгнаенняў ацэньваецца ў каля 250 мільярдаў долараў. Паводле ацэнак, адна чацвёртая экспарту прыпадае на Расію і Беларусь. І хоць, расійская сельскагаспадарчая прадукцыя, у тым ліку тры асноўныя віды ўгнаенняў не закранаюцца заходнімі санкцыямі, то іх экспарт застаецца абмежаваным з-за перабояў у партах, суднаходстве, банкаўскай і страхавой дзейнасці.
Расійскі мільярдэр Андрэй Мельнічэнка, які заснаваў швейцарскую кампанію па вытворчасці ўгнаенняў EuroChem Group AG, сцвярджае, што з 24 лютага 2022 года санкцыі, уведзеныя Еўрасаюзам, скарацілі пастаўкі ўгнаенняў на 13 мільёнаў тон.
У ААН падкрэсліваюць, што многія імпарцёры ўгнаенняў з Азіі, Цэнтральнай Еўропы і Лацінскай Амерыкі ў значнай ступені забяспечваюць свае патрэбы за кошт імпарту асноўных кампанентаў угнаенняў з Расіі. Гэта можа быць яшчэ адна зброя ў руках Уладзіміра Пуціна.
аз