Беларуская Служба

Рэкордная спёка мяняе эканоміку ў ЕС. Пакутуе не толькі поўдзень Еўропы

26.07.2023 11:47
Спёка ў Еўропе і ва ўсім свеце наносіць велізарныя эканамічныя страты – размова пра трыльёны долараў. Страты ўзнікаюць, сярод іншага: ад неабходнасці закрыцця прадпрыемстваў і зніжэння прадукцыйнасці працы супрацоўнікаў.  На жаль, многія кампаніі недаацэньваюць праблему.
 .
Ілюстрацыйнае фота. JENNIFER GAUTHIER / Forum

Спёка, выкліканая тэхнагеннымі зменамі клімату, каштавала сусветнай эканоміцы каля 16 трыльёнаў долараў на працягу двух дзесяцігоддзяў. У Еўропе толькі страты ад засухі ацэньваюцца прыкладна ў 9 мільярдаў еўра ў год. Прыблізна 200 мільёнаў жыхароў гарадоў знаходзяцца пад пагрозай моцнай спёкі, і чакаецца, што да 2050 года гэтая колькасць павялічыцца ў восем разоў.

Спецыялісты звяртаюць увагу на рацыянальнае выкарыстанне электраэнергіі, бо гарачае надворʼе вельмі праблематычнае для энергетыкаў. Найбольшая колькасць электраэнергіі ў Польшчы спажываецца металургічнай, харчовай, тытунёвай і хімічнай прамысловасцю. Вынікі даследаванняў сярод сотняў прадпрыемстваў у Польшчы дэманструюць даволі трывожную карціну, калі размова ідзе пра інфармаванасць і падрыхтоўку да змены клімату.

Засуха на поўдні кантынента ўжо даўно ўплывае на ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур і цэны на прадукты харчавання. Цяпер у цэнтры ўвагі пажары ў Грэцыі, дзе адпачываюць турысты з усёй Еўропы. Наступствы змены клімату добра бачныя. Што яшчэ горш, прагнозы паказваюць, што з гадамі тэмператрура будзе павялічвацца. Сусветная метэаралагічная арганізацыя заявіла, што экстрэмальнае надворʼе, хутчэй за ўсё, стане «новай нармальнай зʼявай».

Клімат мяняе бягучую сітуацыю ў сусветным турызме і змяняе расстаноўку сіл там. Рэзкае павышэнне летняй тэмпературы ў паўднёвай Еўропе можа прывесці да незваротнай змены ў звычках падарожжаў, піша Reuters. У агенцтве падкрэсліваюць, што ўсё больш падарожнікаў выбіраюць больш прахалодныя месцы або адпраўляюцца ў адпачынак вясной ці восенню, каб пазбегнуць гарачыні.

Дадзеныя Еўрапейскай турыстычнай камісіі (ETC) паказваюць, што колькасць людзей, якія хочуць падарожнічаць па Міжземнаморʼю ў перыяд з чэрвеня па лістапад, скарацілася на 10% у параўнанні з мінулым годам. Рост колькасці турыстаў зафіксаваны ў Чэхіі, Даніі і Ірландыі.

Спёка ўплывае не толькі на турызм. Эканоміка мяняецца

Рэкордная спёка значна змяняе эканоміку Еўропы і свету. Яна ўскладняе працу ў розных галінах эканомікі, а разам з гэтым растуць выдаткі, напрыклад, на страхаванне. Паводле звестак страхавой кампаніі Swiss Re, страты страхоўшчыкаў ад спякоты (з-за, напрыклад, неўраджаю ў выніку засухі або лясных пажараў) склалі 46,4 млрд долараў за апошнія пяць гадоў. Сальда папярэдняй пяцігодкі было значна меншым – 29,4 мільярда долараў.

Financial Times паказвае на запаволенне росту сусветнай эканомікі. Эксперты спасылаюцца на канкрэтныя разлікі навукоўцаў з Дартмута. Яны адзначаюць, што хвалі спёкі, выкліканыя тэхнагеннымі зменамі клімату, каштавалі сусветнай эканоміцы каля 16 трыльёнаў долараў на працягу двух дзесяцігоддзяў.

У сваю чаргу Еўрапейская камісія заяўляе, што толькі ў Еўропе страты ад засухі ацэньваюцца прыкладна ў 9 мільярдаў еўра ў год (у асноўным у сельскай гаспадарцы, энергетыцы і сістэмах грамадскага водазабеспячэння). Гэтыя страты вынікаюць з-за неабходнасці закрыцця прадпрыемстваў і зніжэння прадукцыйнасці.

«У гарачых умовах людзі, як правіла, працуюць павольней, больш рызыкуюць, і іх кагнітыўныя функцыі зніжаюцца», – кажа Лора Кент з Інстытута інжынераў-механікаў, прафесійнай асацыяцыі, якая нядаўна падрыхтавала справаздачу аб тым, як прамысловасці трэба будзе адаптавацца да спёкі.

Цяпер 200 мільёнаў жыхароў гарадоў знаходзяцца пад пагрозай моцнай спякоты, і чакаецца, што да 2050 года гэтая колькасць павялічыцца ў восем разоў.

Сіеста не выклікае здзіўлення на поўдні Еўропы. Між тым нядаўна нямецкія лекары заклікалі ўкараніць падобнае рашэнне ў сваёй краіне. Асабліва пацярпелі сельская гаспадарка і будаўніцтва «Financial Times» адзначае, што гэтая праблема датычыцца, напрыклад, каля 66 мільёнаў супрацоўнікаў тэкстыльных кампаній у свеце, якія часта працуюць на фабрыках і цэхах без кандыцыянераў.

Паводле Business Insider Poland / вх