Злучаныя Штаты Амерыкі далі Польшчы прамую пазыку ў памеры 2 мільярдаў долараў у рамках Замежнага ваеннага фінансавання (FMF) для падтрымкі мадэрнізацыі абароны Польшчы, абвясціў Дзярждэпартамент ЗША.
«Польшча з’яўляецца непахісным хаўруснікам Злучаных Штатаў Амерыкі, і бяспека Польшчы мае вырашальнае значэнне для калектыўнай абароны ўсходняга флангу НАТА», – гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнта ЗША.
«Акрамя ключавой дапаможнай ролі ў садзейнічанні міжнароднай дапамозе суседняй Украіне, Польшча прадэманстравала сваю непахісную прыхільнасць умацаванню рэгіянальнай бяспекі праз салідныя інвестыцыі ў выдаткі на абарону», – заявілі амерыканскія дыпламаты.
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак (Mariusz Błaszczak), выказаў задавальненне рашэннем амерыканскіх уладаў:
- Гэта крэдыт на вельмі добрых умовах. Мы выкарыстаем яго на пакупку ўзбраення ў ЗША. Ён стане таксама зыходным пунктам па магчымым крэдытаванні іншых нашых праектаў.
Нагадваем, учора ў ЗША міністр Марыюш Блашчак падпісаў афсетнае пагадненне па кантракце на закупку верталётаў «Апач» для польскай арміі.
IAR/аз