З 1 студзеня мінімальны заробак у Польшцы павялічыўся да 4 242 злотых з улікам падаткаў і збораў (каля 977, 5 еўра), а мінімальная пагадзінная стаўка па грамадзянска-прававых дагаворах – да 27,70 злотых з улікам падаткаў і збораў (больш за 6 еўра). Тэму працягвае карэспандэнтка Польскага радыё Анэта Паўлоўска-Краць:
- У 2024 годзе мінімальны заробак і мінімальная пагадзінная стаўка, як і годам раней, вырастуць удвая. З 1 ліпеня мінімалка будзе складаць 4 300 злотых з улікам падаткаў і збораў (каля 991 еўра), а мінімальная пагадзінная стаўка – 28,10 грошаў з улікам падаткаў і збораў (амаль 6,5 еўра). Гэта значыць, што ў ліпені мінімальны заробак будзе на 700 злотых (больш за 161 еўра) вышэйшы за мінімальны заробак у канцы 2023 года. Паводле ацэнак Міністэрства сямʼі, працы і сацыяльнай палітыкі, павышэнне мінімальнай заработнай платы закране прыкладна тры мільёны 600 тысяч работнікаў.
Са студзеня з 500 да 800 злотых вырас таксама памер дапамогі па доглядзе за дзіцём. Да канца першага тыдня студзеня на рахункі апекуноў і бацькоў будзе пералічана 692 мільёны злотых (амаль 159,5 мільёна еўра ). Змена памеру дапамогі адбываецца аўтаматычна. Сацыяльная праграма «Сямʼя 500 плюс» была ўведзеная ў 2016 годзе ўрадам Абʼяднаных правых сілаў. У яе рамках бацькі або іншыя юрыдычныя апекуны, незалежна ад памеру даходаў, атрымлівалі кожны месяц 500 злотых (больш за 115 еўра) на кожнае дзіця да 18 году жыцця, зараз – гэта будзе 800 злотых (больш за 184 еўра).
Сёлета ўступае ў сілу таксама новая дапамога для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Яна складзе ад 40 да 220 працэнтаў сацыяльнай пенсіі. Заяўку на яе атрыманне могуць падаваць паўналетнія асобы з абмежаванымі магчымасцямі, якія патрабуюць дадатковай падтрымкі. Памер сацыяльнай пенсіі вызначаць чыноўнікі пасля ацэнкі, прадстаўленых заяўніком праблем і патрэб. Дапамогу можна будзе атрымаць незалежна ад даходу і іншых формаў падтрымкі, якой карыстаецца заяўнік.
З Новага года таксама ўступілі ў сілу змяненні, датычныя магчымасці выхаду на ранейшую пенсію. Дзякуючы ім такое права атрымаюць новыя ўзроставыя катэгорыі грамадзян. Паводле ацэнкі Упраўлення сацыяльнага страхавання, сёлета гэта можа быць больш за 7 тысяч чалавек. Зараз магчымасцю ранейшага заканчэння прафесійнай актыўнасці (ранейшага, чым прадугледжвае Пенсійны закон) змогуць скарыстацца супрацоўнікі, якія пачалі працу ў асаблівых умовах або працу асаблівага характару пасля 1 студзеня 1999 года і выконваюць шэраг іншых патрабаванняў, у тым ліку, датычных страхавога стажу працы.
IAR/аз