Беларуская Служба

Іарданцам спадабаліся польскія яблыкі

01.10.2024 14:05
Летась кошт экспарту польскай аграхарчовай прадукцыі ў Іарданію склаў амаль 40 мільёнаў еўра.
ЯблыкіMareefe/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польшча гатова павялічыць аб'ём і пашырыць асартымент прадукцыі, якая экспартуецца на рынак Іарданіі, у тым ліку яблыкаў. Між іншым, пра гэта гаворка ішла падчас семінара з удзелам польскіх экспарцёраў і іарданскіх імпарцёраў яблыкаў, які адбыўся ў рамках кампаніі пад назовам: «Час на яблыкі з Еўропы». Польская асацыяцыя вытворцаў садавіны ўжо тры гады рэалізуе згаданую кампанію на рынках Іарданіі і Егіпту.

Сярод краін Блізкага Усходу, якія імпартуюць польскія яблыкі, гэта ў Іарданію трапляюць найбольшыя аб’ёмы згаданай садавіны.

Паводле звестак Міністэрства сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі, летась кошт экспарту аграхарчовай прадукцыі ў Іарданію склаў амаль 40 мільёнаў еўра. У 2023 годзе апрача свежых яблыкаў, палякі экспартавалі ў Іарданію таксама грушы і айву, сыр і тварог, малако і вяршкі, а таксама хлебабулачныя і кандытарскія вырабы.

Са студзеня па ліпень 2024 года кошт экспарту ў Іарданію склаў больш за 18 мільёнаў еўра. Таварная структура сёлетняга экспарту была аналагічная леташняй. На першым месцы, зразумела, былі польскія яблыкі.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі