Усё больш фермераў з краін ЕС выступаюць супраць гандлёвага пагаднення з краінамі МЕРКАСУР, гэта значыць Бразіліяй, Аргенцінай, Парагваем і Уругваем. Польскае міністэрства сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі наклала вета, а фермеры ў Францыі пачалі акцыю пратэсту.
Перамовы паміж ЕС і МЕРКАСУР вяліся пяць гадоў таму ў 2019 г., было дасягнута паразуменне, аднак дагэтуль дакумент не падпісаны. Часу засталося няшмат, пагадненне мусіць быць падпісанае да канца году. У ЕС расце занепакоенасць канкурэнтаздольнасцю сельскай гаспадаркі, тлумачыць спецыяліст Польскага радыё па міжнароднай палітыцы Міхал Стшалкоўскі.
— Гэта пагадненне аб свабодным гандлі, якое ахоплівае многія сферы эканомікі. МЕРКАСУР, г.зн. агульны рынак Поўдня, які аб'ядноўвае некалькі вельмі вялікіх краін Паўднёвай Амерыкі. З пункту гледжання еўрапейскіх фермераў праблема ў тым, што гэтыя краіны з'яўляюцца вельмі вялікімі вытворцамі сельскагаспадарчай прадукцыі. Краіны МЕРКАСУР прадаюць многа ялавічыны, з'яўляюцца буйнымі экспарцёрамі цукру, у асноўным гэта трысняговы цукар, але таксама з цукровых буракоў, якія вырошчваюць еўрапейскія фермеры. Акрамя гэтага, у краінах МЕРКАСУР вырабляюць многа мяса птушкі, вырошчваюць сою і шмат збожжавых. Еўропа ў асноўным хоча экспартаваць на рынкі Паўднёвай Амерыкі іншую, не сельскагаспадарчую прадукцыю.
Гэтае пагадненне называюць яшчэ «сельгаспрадукцыя ўзамен за аўтамабілі».
Міністэрства сельскай гаспадаркі Польшчы выступіла супраць пагаднення з краінамі Паўднёвай Амерыкі. Кіраўнік міністэрства Чэслаў Секерскі ў Бруселі перасцерагаў перад завалам ЕС таннай сельскагаспадарчай прадукцыі.
«Гэта істотна паўплывае на еўрапейскі рынак у галіне ялавічыны, кураціны і цукру - гэта асноўныя боязі і незадаволенасць нашых аграрыяў. Мая пазіцыя была адназначна негатыўнай», - сказаў міністр сельскай гаспадаркі.
Некалькі дзён таму еўрапейскія фермеры пратэставалі ў Бруселі супраць пагаднення з кранамі МЕРКАСУР. Яны асцерагаюцца, што рынак ЕС будзе напоўнены таннымі прадуктамі, якія не падпарадкоўваюцца строгім еўрапейскім патрабаванням, якія павінны выконваць вытворцы з краін еўрасупольнасці. Фермеры апасаюцца, што іх прадукцыя будзе выцеснена з рынку і заменена вытворцамі з краін МЕРКАСУР.
У Еўракамісіі сцвярджаюць, што пагадненне будзе выгадным для ЕС, у тым ліку для прамысловага сектара. Канкрэтнай даты падпісання пагаднення, якое было ўзгоднена ў 2019 годзе, пакуль няма. Хаця былі спадзяванні, што гандлёвае пагадненне будзе падпісанае на саміце G20, які якраз заканчваецца ў Бразіліі.
IAR/яс