Беларуская Служба

Даследаванне: Стары лес кепска ачышчае паветра

28.11.2024 18:53
Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, лясістасць Польшчы павялічылася і цяпер складае 291 кубаметр на гектар супраць 129 кубаметраў на гектар у 1946 годзе.
ЛесБеларуска служба Польскага радыё/radyjo.net

Польскія лясы не паглынаюць дастаткова вуглякіслага газу. Пра гэта гаворыцца ў апошняй справаздачы Сусветнага банку.
 
Для спецыялістаў такая заява не выглядае дзіўна. Кіраўнік Дэпартаменту лясной гаспадаркі Бажыдар Нэрой у эфіры Польскага радыё сказаў, што патэнцыял лясоў змяншаецца, бо яны старэюць:

— Паглядзеўшы на графікі, падрыхтаваныя Сусветным банкам, мы ўбачым падзел лясоў у Польшчы на два віды: якія належаць дзяржаве і астатнія. Іх характарыстыкі адрозная. Лясы, якія не належаць дзяржаве намнога маладзейшыя, а дзяржава прыняла ў спадчыну лясніцтва стогадовай даўніны.

Нацыянальныя паркі таксама не дапамагаюць дэкарбанізацыі, адзначае Кіраўнік Дэпартаменту лясной гаспадаркі:

— З нацпаркамі і запаведнікамі не лепш, чым са старымі лясамі. Яны не так моцна падтрымліваюць дэкарбанізацыю, як нам здаецца. Можна зрабіць паралель з аўтамабільным акумулятарам. Мы назіраем, што апошнія 20 гадоў нацыянальныя паркі паглынаюць вуглякіслы газ на адным пастаянным узроўні. Іх перавага ў тым, што гэта ўстойлівы параметр.

Спецыялісты звяртаюць увагу на неабходнасць аднаўлення старых гаспадарчых лясоў у Польшчы. Лес расце каля ста гадоў, і хутка больш чым двум мільёнам гектараў пасляваенных лясных насаджэнняў будзе больш за 80 гадоў. Лясныя насаджэнні змяняюцца — выдаляюцца сасновыя монакультуры і замяняюцца змешанымі лясамі.
 
Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, лясістасць Польшчы павялічылася і цяпер складае 291 кубаметр на гектар супраць 129 кубаметраў на гектар у 1946 годзе.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка