Польскі ўрад спрабуе пераканаць Брусэль увесці пошліны на імпарт расійскіх і беларускіх угнаенняў на еўрапейскі рынак.
Які будзе эфект ад гэтых перамоў і калі новыя тарыфы могуць уступіць у сілу, невядома. Аднак падатковая Польшчы знайшла спосаб атакаваць хімічны бізнес з Усходу — у польскі санкцыйны спіс толькі што трапіў суб'ект з Беларусі з гэтага сектара. Неўзабаве будуць уведзеныя санкцыі супраць дадатковых хімічных кампаній з Расіі і Беларусі.
Некалькі дзён таму Польшча разам з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй афіцыйна папрасілі Еўракамісію ўвесці мыта на ўгнаенні, якія імпартуюцца з Расіі і Беларусі. Гэта вядзе да залежнасці ад буйнога хімічнага бізнесу з Усходу, такі досвед Еўропа ўжо мела ў выпадку з нафтай і газам. Еўрапейская прамысловасць няздольная канкураваць з такімі пастаўшчыкамі. Акрамя таго, даходы расійскіх і беларускіх кампаній забяспечваюць фінансаванне вайны з Украінай, мяркуюць ініцыятары падвышэння пошлін.
Нацыянальнае падатковае ўпраўленне Польшчы (Krajowa Administracja Skarbowa — KAS) знайшло спосаб абмежаваць імпарт угнаенняў з Беларусі і Расіі. Па ініцыятыве кіраўніка
KAS у канцы лістапада беларуская кампанія NFT LLC, якая з'яўляецца экспарцёрам карбаміду, то бок азотных угнаенняў, трапіла ў польскі санкцыйны спіс.
— Рашэння аб санкцыях на ўзроўні ЕС пакуль няма, а паток гэтай прадукцыі з Беларусі і Расіі вымотвае Azoty Group. Найбуйнейшыя краіны ЕС, такія як Нямеччына і Францыя, не зацікаўленыя ва увядзенні эмбарга на угнаенні з Усходу, бо для іх гэта проста больш танная прадукцыя. Таму мы пачалі блакаваць кампаніі санкцыйным спісам, — распавядае Business Insider Polska чалавек, блізкі да KAS.
— Неўзабаве да спісу дададуцца і іншыя кампаніі, таму што сёлета мы бачым вялікі рост імпарту ўгнаенняў у ЕС, — падкрэслівае суразмоўца.
З-за санкцый актывы NFT LCC замарожаныя ў Польшчы. У абгрунтаванні заяўкі на ўнясенне ў санкцыйны спіс было адзначана, што гэтая арганізацыя з'яўляецца толькі гандлёвым пасрэднікам, а вытворцам карбаміду з'яўляецца беларускі гігант на рынку «Гродна Азот». У Польшчы ён падпадае пад санкцыі, але, як падазрае падатковая служба, яму ўдаецца іх абысці дзякуючы пасярэднікам.
«Гродна Азот з'яўляецца адным з двух найбуйнейшых хімічных прадпрыемстваў Беларусі і ключавым гульцом у рэгіёне па вытворчасці азотных угнаенняў. Дзякуючы буйным маштабам вытворчасці, «Гродна Азот» з'яўляецца ключавым пастаўшчыком азотных угнаенняў у рэгіёне, кампанія займае важную пазіцыю на рынку. Экспарт асабліва важны, бо выручка ад продажаў на знешніх рынках складае значную частку прыбытку кампаніі», — гаворыцца ў заяве кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі.
Санкцыі маюць на мэце абмежаваць прыбыткі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і спыніць прыток танных угнаенняў з Усходу
Пытанне пагаднення аб мытных пошлінах ЕС можа быць складаным і доўгім працэсам. Перш чым гэта адбудзецца, расійскія і беларускія вытворцы могуць нават павялічыць аб'ёмы экспарту ў ЕС, каб засцерагчы сябе ад магчымага эмбарга.
Сёлета Financial Times у трывожным тоне напісала пра вялікія пастаўкі ў ЕС танных угнаенняў. Аўтары выдання мяркуюць, што залежнасць ад расійскіх ці беларускіх угнаенняў пагражае харчовай бяспецы Еўропы.
Прэзідэнт Yara International, нарвежскага гіганта і аднаго з найбуйнейшых вытворцаў азотных угнаенняў у свеце, Свейн Торэ Холсетэр параўнаў залежнасць ад расійскіх угнаенняў з залежнасцю ад энергарэсурсаў — нафты і газу.
Хімічная прамысловасць — энергаёмістая і залежыць ад цэн на газ. У вытворчасці ўгнаенняў ажно 70-80 працэнтаў выдаткаў прыпадае на прыродны газ.
— Нас завальваюць угнаеннямі з Расіі, якія значна таннейшыя за нашы па простай прычыне: яны плацяць капейкі за прыродны газ у параўнанні з намі, еўрапейскімі вытворцамі, — распавёў Financial Times Пётр Цінгр, прэзідэнт найбуйнейшай кампаніі SKW Stickstoffwerke Piesteritz, якая вырабляе аміяк у Германіі, ён падкрэсліў, што калі палітыкі не будуць дзейнічаць, еўрапейскія вытворчыя магутнасці знікнуць.
Прадукцыя з Расіі і Беларусі сур'ёзна б'е па польскім бізнесе Grupa Azoty. Financial Times адзначае, што траціна імпарту ў ЕС мачавіны, самага таннага азотнага ўгнаення, якім гандлюе кампанія NFT LLC, якая толькі што ўвайшла ў санкцыйны спіс, паходзіць з Расіі. У 2023 годзе аб'ём імпарту карбаміду з Расіі ў Польшчу склаў 120 мільёнаў долараў і за два гады павялічыўся амаль на 43%.
У Бруселі Міністэрства развіцця і тэхналогій лабіруе падвышэнне тарыфаў на беларускую і расійскую прадукцыю. Паводле Мінразвіцця, эмбарга на расійскую і беларускую прадукцыю не нясе рызыкі для пакупнікоў з ЕС, паколькі попыт могуць задаволіць еўрапейскія кампаніі, а патэнцыйны дэфіцыт можна будзе прыбраць у тым ліку за кошт імпарту з Паўночнай Афрыкі.
Сёння падкантрольная дзяржаве Grupa Azoty знаходзіцца ў цяжкім становішчы і нясе велізарныя страты. У трэцім квартале яны склалі 226 мільёнаў злотых і хоць за год скараціліся больш чым на паўмільярда, аднак кіраўніцтва прадпрыемства прызнае, што сітуацыя застаецца складанай. Прэзідэнт Azoty Адам Ляшкевіч адкрыта прызнае, што найбольшы ўплыў на фінансавыя вынікі групы аказаў імпарт угнаенняў з Расіі і Беларусі.
На думку аналітыкаў, перспектывы на наступныя кварталы для Grupa Azoty не выглядаюць добрымі, і кампанія, верагодна, застанецца ў мінусе. Без пошлін на ўгнаенні з Усходу ёй будзе цяжка аднавіцца.
Паводле Business Insider Polska/вх