Эфірны выпуск перадачы «Пуль польскай эканомікі» ў далучаным гукавым файле
Польшча становіцца ўсё больш буйным экспарцёрам збожжа. У 2024 годзе ў краіне намалочана амаль 36 млн тон збожжа, унутранае спажыванне складае 25 млн тон, таму краіна можа прадаваць лішкі збожжа за мяжу. Урад лічыць, што Польшча павінна пашыраць свае парты, каб справіцца з ростам вытворчасці і палепшыць транзіт з Украіны. Дзеля гэтага пашыраецца збожжавы тэрмінал у Гданьску. Інвестыцыя завершыцца да 2026 года.
«Тэрмінал будзе знаходзіцца цалкам у распараджэнні польскай дзяржавы», - заявіў прэм'ер-міністр Дональд Туск падчас прэс-канферэнцыі ў Гданьскім порце.
— Ён будзе выконваць камерцыйную функцыю, але таксама будзе інструментам у руках дзяржавы для абароны нацыянальных інтарэсаў, у тым ліку бяспекі польскіх фермераў. Гэта дасць магчымасць ва ўмовах крызісу праводзіць цалкам свядомую збожжавую палітыку.
Такім чынам Дональд Туск прыгадаў пратэсты аграрыяў у сувязі з бескантрольным паступленнем збожжа з Украіны.
Пашырэнне тэрмінала дазволіць павялічыць магутнасць перавалкі прыкладна да 3 мільёнаў тон у год, падкрэсліў міністр інфраструктуры Дарыюш Клімчак.
— Польскія парты знаходзяцца ў добрым фінансавым стане. З года ў год мы павялічваем чыстую рэнтабельнасць на 17-22%. І мы павінны пайсці яшчэ далей. Будзе пабудаваны цалкам польскі збожжавы тэрмінал вялікай магутнасці. Таксама плануецца пашырэнне складоў, павелічэнне іх ёмістасці з 30 тыс. тон да больш за 150 тыс. тон. Гданьскі порт укладзе ў развіццё інфраструктуры амаль 400 мільёнаў злотых (93 млн еўра).
Збожжа ў гданьскі порт будзе дастаўляцца пераважна чыгункай.
IAR/яс