«Сёння я стаў старшынёй дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі» – паінфармаваў у «Твітэры» польскі еўрадэпутат Роберт Бедрань. Актуальна паміж Еўрапарламентам і парламентам Беларусі няма сталага супрацоўніства, аднак у сувязі з выбарамі, якія ў Беларусі пройдуць у лістападзе, сітуацыя можа змяніцца.
«Спадзяюся, што гэта створыць новыя магчымасці паляпшэння ўзаемаадносін, аднак прытрымліванне правоў чалавека ў Беларусі будзе ключавым аспектам у кантактах паміж Мінскам і Бруселям», – дадаў новы старшыня.
Роберт Бедрань з’яўляецца заснавальнікам і кіраўніком сацыял-дэмакратычнай партыі «Вясна», якая ў выбарах у Еўрапарламент атрымала 6,06% галасоў.
Бедрань у польскай палітыцы з’яўляецца даволі вядомай асобай. У 2011 годзе ён стаў першым адкрытым геем, дэпутатам польскага парламенту. Тры гады пазней палітык выйграў муніцыпальныя выбары і стаў мэрам балтыйскага горада Слупск, стаўшы таксама першым адкрытым геем, кіраўніком польскага горада.
У час кіравання Слупскам яго папулярнасць павялічвалася з-за наватарскіх рашэнняў. Бедрань адмовіўся карыстацца службовым аўтамабілем і на працу ездзіў на ровары ці грамадскім транспарце. Акрамя таго, зменшыў зарплаты ўсім гарадскім чыноўнікам і сам на працягу свайго тэрміну паўнамоцтваў меў найменшую зарплату сярод усіх польскіх мэраў.
У Слупску ён заснаваў шмат грамадскіх ініцыятыў і праводзіў рэгулярныя сустрэчы з жыхарамі горада, запрашаючы іх да размовы на канапу, пастаўленую адмыслова для гэтае мэты на галоўнай плошчы.
Роберт Бедрань нарадзіўся ў 1976 годзе. Па адукацыі ён палітолаг, ведае пяць моваў. Пражывае са сваім на тры гады маладзейшым жыццёвым партнёрам Кшыштафам, які з’яўляецца доктарам юрыдычных навук. Разам яны 17 гадоў.
Альберт Ежы Вежбіцкі/вс