У выданні Dziennik Gazeta Prawna інтэрв’ю з расійскім апазіцыйным палітыкам Уладзімірам Міловым. Гаворка ідзе між іншым пра Беларусь. Журналіст Міхал Патоцкі кажа, што многія беларусы апасаюцца блізкай інтэграцыі з Расіяй, што іх краіна можа паўтарыць лёс Крыму. Мілоў адказвае, што тут нельга праводзіць паралелі. Калі спытаць расіян, чаго ім найбольш шкада ў сувязі з распадам Савецкага Саюзу, яны сказалі б, што адна з самых балючых падзей – страта Крыму. СССР быў халоднай дзяржавай з двума цёплымі месцамі – Сочы і Крымам. Праўда, пазней у Крым можна было ездзіць свабодна, не адчувалася, што гэта замежжа, але пачуццё страты і так засталося. А Беларусь? Каму патрэбная Беларусь? Акрамя жартаў з беларусаў, яна атаясамліваецца з партызанскім рухам, Белавежскай пушчай і бульбай. Анексія Крыму дала адчуванне значнай выгады – курорты, Севастопальскі флот... Беларусь нічога такога не дасць. У Расіі няма попыту на павелічэнне тэрыторыі, попыт быў канкрэтна на Крым. На Захадзе гэтага не разумеюць.
Узяцце Крыму прапаганда падавала як хуткую аперацыю, якая нічога не будзе каштаваць, – працягвае Мілоў. Цяпер жа людзі зразумелі, што прыйшлося за гэта заплаціць. Калі так, то можа больш не трэба. Да Беларусі стаўленне такое – мы яе датуем, трэба ад гэтага адмаўляцца. Улады думаюць пра магчымасць інтэграцыі з Беларусяй, але гэта паказвае, што яны дзейнічаюць паводле старых схемаў. Другога Крыму не будзе – адзначае расійскі апазіцыйны палітык.
пераклад нг