Польшча і Нямеччына маюць доўгую і вельмі складаную гісторыю ўзаемадачынення. Падзенне Берлінскай сцяны і аб’яднанне абедзвюх нямецкіх дзяржаў, апроч відавочна пазітыўных наступстваў для ўсяго свету, несла патаемныя пагрозы для Польшчы. Альбо прынамсі такія пагрозы бачылі ў Варшаве, якая толькі пачала рабіць першыя крокі на нялёгкім шляху дэмакратызацыі.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, адказваючы за злачынствы свайго рэжыму, Нямеччына страціла значную частку сваёй тэрыторыі. Паводле вынікаў Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцый Саюзнікаў да Польшчы адышлі некаторыя тэрыторыі Усходняй Прусіі і нямецкія землі на ўсход ад Одэра і Лужыцкай Нысы.
Падчас Халоднай вайны Польшча і Германская Дэмакратычная Рэспубліка належалі да аднаго геапалітычнага лагеру – Варшаўскай дамовы. Адпаведна, ГДР мела ўрэгуляваныя адносіны з Польшча і гэта тычылася новай польска-нямецкай мяжы. Крыху інакш справа выглядала з другой Заходняй Нямеччынай.
Нягледзячы на тое, што ФРГ і Польшча быццам бы ўрэгулявалі пытанне заходніх межаў апошняй у 1970 годзе, пасля геапалітычных зменаў ва Усходняй Еўропе, апагей якіх прыпаў на 1989 год, сітуацыя перастала быць такой пэўнай. Тым больш, некаторыя радыкалы ў Боне адкрыта ўздымалі пытанне ўсходніх межаў будучай аб’яднай Нямеччыны.
Першы ўрад дэмакратычнай Польшчы пад кіраўніцтвам прэм’ера Тадэвуша Мазавецкага, як галоўную мэту сваёй замежнай палітыкі вызначыў менавіта зняццё так званай «нямецкай пагрозы» – канчатковае ўрэгуляванне праблемы заходніх межаў Польшчы. У сваю чаргу, канцлер ФРГ Гельмут Коль таксама намагаўся станоўча і ў адпаведнасці з духам часу, раз і назаўжды закрыць гэтае пытанне. Аднак на перашкодзе стаялі вялікія рахункі гісторыі, жудасны маштаб злачынстваў Нямеччыны, здзейсненых супраць Польшчы.
30 гадоў таму, 12 лістапада 1989 года, у вёсцы Кшыжова, якая акурат знаходзіцца на постнямецкіх тэрыторыях, на паўднёвым захадзе Польшчы, прэм’ер-міністр краіны Тадэвуш Мазавецкі і федэральны канцлер Заходняй Нямеччыны Гельмут Коль прынялі ўдзел ва ўрачыстым набажэнстве. Ішма за паяднанне ў Кшыжове адкрыла новы гістарычны этап у польска-нямецкіх стасунках.
Пасля набажэнства канцлер Гельмут Коль заклікаў яднацца дзеля будучыні Еўропы:
-Рушым ад гэтага алтара ў кірунку добрай, мірнай і бласлаўлёнай Богам будучыні нашых народаў. Зробім гэта дзеля народаў Польшчы і Нямеччыны, дзеля ўсіх нас у Еўропе.
У кожнай каталіцкай імшы наступае момант, калі святар заклікае перадаць адзін аднаму знак міру. Набажэнства аб паяданні ў Кшыжове не было выключэннем. Сардэчны і цёплы поціск рук двух прэм'ераў Мазавецкага і Коля стаў яскравым сімвалам прымірэння народаў і тых каласальных зменаў, якія тады адбываліся ў Еўропе.
Польскі прэм’ер Тадэвуш Мазавецкі ўжо тады, 30 гадоў таму, быў перакананы, што дадзены сімвалічны крок паслужыць умацаванню польска-нямецкай дружбы:
-Мы хочам вынесці з гэтай святой імшы пачуццё чалавечага братэрства. Мы абавязаны гэтым, тым хто тут збіраўся ў імя братэрства людзей і ў тым нашых народаў.
Кшыжова невыпадкова была абраная месцам моцнага сімвалічнага кроку Польшчы і Нямеччыны адзін аднаму насустрач. Да 1945 года вёска Кшыжова была ў складзе ІІІ Райху. А падчас вайны ў ёй дзейнічала нямецкае кола барацьбы супраць палітыкі Адольфа Гітлера, аб’яднанне так і называлася «Круг з Кшыжовай». Усе чальцы падпольнай антыгітлераўскай суполкі былі замардаваныя нацыстамі пасля няўдалага замаху на фюрэра.
Набажэнства ў Кшыжове не мела ніякага фармальнага значэння – гэта быў сімвал і моцны сігнал народам Польшчы, Нямеччыны і ўсё Еўропе. Пасля сустрэчы ў Кшыжовай распачаўся бурлівы фармальны легалістычны працэс вырашэння праблемы польска-нямецкай мяжы.
У чэрвені 1990 года парламенты ФРГ і ГДР прызналі недатыкальнасць заходняй мяжы Польшчы. 14 лістапада 1990 года, крыху больш чым праз месяц пасля аб’яднання Германіі, паміж урадам ФРГ і Польшчы была Падпісана дамова аб мяжы. Міністр замежных спраў аб’яднай Нямеччыны Ганс-Дзітрых Геншэр і яго польскі калега Кшыштаф Скубішэўскі сваімі подпісамі паставілі кропку ў справе ўрэгулявання польска-нямецкай мяжы.
Слухайце аўдыё!
эж