Польскія ўлады павінны прадумаць тактыку абароны ад уплываў Крамля падчас прэзідэнцкіх выбараў – папярэджвае Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы ў сваім перыядычным выданні, пра што паведамляе Rzeczpospolita.
Інфармацыйныя ўкіды, інфармацыйныя хвалі ды аперацыі ўплыву – такімі псіхалагічна-інфармацыйнымі аперацыямі карыстаюцца расіяне, каб паўплываць на вынікі выбараў у іншых дзяржавах. У тэксце аўтар прыводзіць прыклады ЗША і Францыі. Нагадвае спробы дыскрэдытацыі Эмануэля Макрона перад выбарамі ў Францыі, а таксама імкненне расіян выклікаць масавыя грамадскія пратэсты на поўдні ЗША перад выбарамі ў 2016 годзе, на якіх перамог Дональд Трамп.
Ці падобныя сцэнары могуць пагражаць Польшчы? Пра гэта аўтар наўпрост не згадвае, але з яго словаў вынікае, што краіна не можа адчуваць сябе цалкам бяспечнай.
Былы дырэктар Агенцтва ўнутранай бяспекі Анджэй Барцікоўскі адзначае, што расійскія спецслужбы сапраўды могуць быць зацікаўленыя прэзідэнцкімі выбарамі ў Польшчы, якія адбудуцца праз некалькі месяцаў. Аднак тут яны шмат не змогуць зрабіць, паколькі галоўныя кадыдаты падобным чынам ставяцца да Крамля. Тым не менш, неабходна быць асцярожным. Мэтай расійскай дэзынфармацыі можа быць агульная дэстабілізацыя сітуацыі ў Польшчы, а не дыскрэдытацыя кагосьці з кандыдатаў у прэзідэнты, – мяркуе Барцікоўскі.
Віктар Фэрфэцкі/нг
на здымку - Крэмль, Масква