Прэс-служба лівійскай арміі Хафтара апублікавала ў ФБ фатаграфіі, на якіх адлюстраваныя трэніроўкі вайскоўцаў 36-га батальёна спецыяльнага прызначэння Нацыянальнай Арміі Лівіі. Фотаздымкі, як мяркуецца, зробленыя ў Беларусі ў канцы лютага гэтага года, раскрываюць падрабязнасці пра месцазнаходжанне. Іх вызначылі як навучальны цэнтр МУС Беларусі ў Волаўшчыне.
Трэніроўкі вайскоўцаў 36-га батальёна спецыяльнага прызначэння Нацыянальнай Арміі Лівіі ў Беларусі
Пасля публікацыі гэтых матэрыялаў стала зразумела, чаму генерал Халіфа Белькасім Хафтар прылятаў у Беларусь 17 лютага. Туды яго разам з сынам і зяцем прывёз прэзідэнцкі самалёт Лукашэнкі. Афіцыйнай мэтай візіту было «садзейнічанне развіццю супрацоўніцтва паміж Лівіяй і Беларуссю ў гуманітарнай і сацыяльнай сферах, а таксама развіццю эканамічнага супрацоўніцтва».
Лівійскі батальён, які навучаўся ў Беларусі, падпарадкоўваецца сыну камандуючага арміяй Садаму Хафтару. У паведамленні адзначаецца, што навучанне лівійскага спецназа ў Беларусі праводзілася па загадзе самога Халіфы Белкасіма Хафтара. Варта нагадаць, што летась Лукашэнка ўжо сустракаўся з Садамам Хафтарам, і пасля гэтай сустрэчы ў заходніх СМІ з'явіліся паведамленні аб пастаўках беларускай зброі ў Лівію.
Лівійскія салдаты і камандаванне спеспадраздзялення ў Беларусі
У панядзелак гэтага тыдня таксама з'явілася інфармацыя пра візіт у Лівію вялікай дэлегацыі беларускіх уладаў, у тым ліку віцэ-прэм'ера Уладзіміра Каранкевіча, старшыні КДБ Івана Церцеля, міністра адукацыі Андрэя Іванца і іншых высокапастаўленых асоб.
«Падчас перамоваў бакі абмеркавалі механізмы сумеснай кантактнай групы, якой будзе даручана рэалізацыя падпісанага пагаднення ў нафтавай сферы. Яно ахоплівае такія ключавыя сферы, як геалагічныя даследаванні, распрацоўка тэхналогій для здабычы прыродных рэсурсаў, пастаўка абсталявання і машын для горназдабыўной прамысловасці, а таксама паляпшэнне энергетычнага сектара ў адпаведнасці з перадавымі сусветнымі стандартамі і тэхналогіямі», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве ўрада ўсходняй Лівіі.
Аднак гаворка ішла не толькі аб супрацоўніцтве ў грамадзянскіх сектарах абедзвюх дыктатур:
«Асноўная мэта (супрацоўніцтва - рэд.) - узмацненне Ваенна-Паветраных Сіл ЛНА, у тым ліку абслугоўванне і мадэрнізацыя расійскіх знішчальнікаў МіГ-29. Акрамя паставак запасных частак, таксама абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі лівійскіх пілотаў», – гаворыцца ў паведамленні лівійскай прэсы.
У СМІ таксама была падкрэсленая яшчэ адна абмерканая тэма: мадэрнізацыя ваенна-марскіх баз ва ўсходняй Лівіі, у тым ліку стратэгічна важнага ваеннага аб'екта ў Табруку. Гэты велізарны комплекс, размешчаны недалёка ад горада Камінес, у некалькіх дзясятках кіламетраў ад Бенгазі, займае тэрыторыю больш за 5000 гектараў і ўключае ў сябе авіябазу, марскі порт, навучальныя цэнтры і казармы.
Чаму кіраўнік беларускага КДБ суправаджаў урадавую дэлегацыю, не патлумачылі. Аднак можна выказаць здагадку, што куратарам вайсковага аспекту адносінаў Лукашэнкі з Хафтарам з’яўляецца менавіта Іван Церцель, тым больш, што ён браў удзел у лютаўскіх перамовах з лівійскім генералам у вузкім коле ў Мінску.
З гэтага вынікае, што міжнародна ізаляваны беларускі дыктатар спрабуе выйсці з ізаляцыі, ствараючы «клуб дробных дыктатараў» і зарабляючы на продажы постсавецкай зброі. Больш за тое, відаць, што гэтая дзейнасць становіцца ўсё больш сістэматызаванай. На мінулым тыдні Мінск наведаў лідар ваеннай хунты М'янмы Мін Аунг Хлаінг, якога шукае Міжнародны Крымінальны Суд.
«Падчас візіту Мін Аунг Хлаінг абмеркаваў эканамічнае і гандлёвае супрацоўніцтва і пытанні бяспекі, уключаючы пастаўкі зброі», - паведамляе апазіцыйнае выданне Mizzima News Media, якое выходзіць у Індыі. Журналісты таксама нагадалі, што ў 2021 годзе Беларусь прагаласавала ў ААН супраць рэзалюцыі, якая асуджае ваенны пераварот у М'янме. Таксама варта адзначыць, што восенню 2023 года М'янма акрэдытавала ў Беларусі свайго ваеннага аташэ.
Паколькі Злучаныя Штаты становяцца ўсё больш ізаляцыянісцкімі пад новай адміністрацыяй ЗША, такія транскантынентальныя «клубы людажэраў» неўзабаве могуць стаць новай пагрозай міру ва ўсім свеце – пакуль што ў рэгіянальным маштабе. Аднак калі Уладзімір Пуцін, падбадзёраны перспектывай здачы Трампам Украіны, вырашыць іх падтрымаць, сур'ёзнасць праблемы можа набыць глабальнае вымярэнне.
На дадзены момант толькі аб'яднаная Еўропа патэнцыйна здольная супрацьстаяць узнікненню «дыктатарскага інтэрнацыяналу» – калі, вядома, яна здолее мабілізавацца. А гэта, на жаль, пакуль застаецца пад вялікім пытаннем.
З Беларусі для Польскага Радыё Ян Кшыштаф Міхаляк
крыніца здымкаў: facebook.com/Libya.WID