У выданні Dziennik Gazeta Prawna вялікае інтэрв’ю з беларускім аналітыкам, дырэктарам праекту Belarus Security Blog Андрэем Паротнікавым. У Польшчы лічаць, што Лукашэнка шчыра ангажуецца ў працэс мірнага вырашэння канфлікту на ўкраінскім Данбасе. Ці на самой справе гэта так? На думку суразмоўцы выдання, на самой справе беларускім уладам выгадна, каб вайна на ўсходзе Украіны далей цягнулася, паколькі на дадзены момант менавіта ўкраінскія праблемы адцягваюць значную частку ўвагі ад іншых краін постсавецкай прасторы, у тым ліку ад Беларусі. Уся расійская агрэсія сканцэнтраваная менавіта там, таму ў Расіі менш магчымасцяў аказваць вялікі прэсінг на іншых замежных партнёраў.
Для Лукашэнкі Беларусь – гэта яго ўласны султанат. Султан лепш за ўсіх ведае сваю краіну, у яго місія. Лукашэнка, у адрозненні ад Януковіча, не адмовіцца ад улады і не ўцячэ за мяжу, калі паявіцца небяспека. Пакуль што беларуская дзяржава адчувае прэсінг, звязаны з прыватнымі інтарэсамі часткі расійскіх чыноўнікаў. Напрыклад, сям’я ці блізкае акружэнне былога расійскага прэм’ер-міністра Дзмітрыя Мядведзева звязана з вытворчасцю прадуктаў харчавання. Менавіта такія бізнес-колы дзейнічаюць супраць Беларусі, яны імкнуцца ліквідаваць канкурэнцыю.
Хто перамог у барацьбе за інтэграцыю Беларусі і Расіі? Трэба пачаць з таго, што ні адзін, ні другі бок не збіраліся будаваць саюзную дзяржаву, – кажа аналітык. Расія імкнецца захаваць так званы кантрольны пакет у Беларусі, але яна ўжо не можа ўкладваць вялізныя сумы ў краіну, адсюль гульня на полі інтэграцыі. А ў чым заключаецца дадзены кантрольны пакет? На думку Паротнікава, гэта між іншым 40% беларускага экспарту, які ідзе ў Расію або дзве трэція інфармацыйнай прасторы, якая паходзіць з Расіі, а таксама высокая папулярнасць Пуціна.
Збігнеў Параф’яновіч/нг