Беларуская Служба

Польшча і Францыя падпісалі комплексны дакумент аб супрацы (ФОТА)

03.02.2020 16:21
Доўгачаканы візіт французскага прэзідэнта для абодвух бакоў мае быць нагодай, каб палепшыць не найлепшыя стасункі.
Аўдыё

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон распачаў двухдзённы візіт у Польшчу. Доўгачаканы візіт для абодвух бакоў мае быць нагодай, каб палепшыць халодныя стасункі.

Французскі палітык прыехаў у прэзідэнцкі палац, дзе прайшла сустрэча з прэзідэнтам Анджэем Дудам, а таксама сустрэўся з прэм'ер-міністрам Матэвушам Маравецкім і спікерамі Сенату і Сейму. Вечарам Макрон сустрэнецца з французамі, якія жывуць у Польшчы, з інтэлектуаламі і людзьмі культуры. Заўтра прэзідэнт Францыі выступіць з лекцыяй у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве.

Разам з французскім прэзідэнтам прыехалі міністры абароны, замежных спраў, гаспадаркі і культуры. Сярод шматлікіх тэм размоваў паміж Анджэем Дудам і Эманюэлем Макронам зʼяўляюцца пытанні, звязаныя з ЕЗ, НАТА, а таксама датычныя бяспекі.

Анджэй Дуда паведаміў, што краіны падпісалі праграму польска-французскай супрацы:

- Вельмі комплексны дакумент, які рэгулюе супрацу паміж Польшчай і Францыяй, у прынцыпе, ва ўсіх галінах, пачынаючы ад мілітарнай супрацы, далей палітычная, прамысловая, гаспадарчая, грамадская супраца – у многіх галінах, у якіх адбываецца нармальнае супрацоўніцтва паміж краінамі.

Таксама бакі падпісалі дэкларацыю аб жаданні ўзмацніць працу ў галіне кіберзлачыннасці.

Прэзідэнт Анджэй Дуда сказаў, што пасля выхаду Вялікабрытаніі з ЕЗ роля Францыі ў рамках супольнасці расце:

- Францыя несумненна ў Еўропе з’яўляецца магутнай краінай. Пасля брэксіту роля Францыі ў Еўразвязе значна вырастае. Я рады, што ў гэты важны момант прэзідэнт Францыі ў першую чаргу накіроўваецца ў Польшчу. Ён дае сігнал, што цікавіцца нашай часткай ЕЗ, яе справамі, а значыць і тым, як ЕЗ будзе развівацца далей.

Эманюэль Макрон падкрэсліў, што Польшча і Францыя павінны ўмацаваць адносіны пасля выхаду Лондану з ЕЗ. Французскі лідар падкрэсліў, што візіт у Польшчу мае сімвалічны характар:

- Гэта мой першы візіт у Польшчу ў якасці прэзідэнта. Гэта таксама першы еўрапейскі візіт у гэтым годзе і першы ў часе, калі працу распачала новая Еўрапейская камісія, і першы пасля брэксіту. Гэта ўсё для мяне з’яўляецца сімвалічным. Мы павінны ўзмацніць наш саюз, каб Еўропа была аб’яднаная, але таксама больш эфектыўная, моцная, больш суверэнная ў нявызначаным свеце. Мы павінны адказаць на еўрапейскія выклікі.


Э. Макрон і М. Маравецкі Э. Макрон і М. Маравецкі

Палітычныя стасункі паміж краінамі дастаткова халодныя, а сённяшні візіт можа гэта змяніць. Розніцы бачныя ў многіх сферах. Гэта і іншае бачанне еўрапейскай інтэграцыі, між іншым, па пытанні абароны, і міграцыйная палітыка. Аднак, самым важным з’яўляецца геапалітычны напрамак Францыі, дзе наперад высоўваюцца адносіны з Расіяй. Асабліва ў апошнім часе Макрон, як ніколі, імкнецца да збліжэння з Масквой.

Пра адносіны з Масквой Эманюэль Макрон гаварыў і на прэс-канферэнцыі: «Я не наіўны, але таксама разумею, што ў інтарэсе бяспекі Еўропы, Францыі і Польшчы знаходзіцца ўсталяванне патрабавальнага палітычнага дыялогу з Расіяй». Ён запэўніў, што, нягледзячы на пануючае меркаванне, Францыя не стала прарасійскай: «Францыя не з’яўляецца ні прарасійскай, ані антырасійская, Францыя – праеўрапейская».


Эманюэль Макрон ускладае вянок каля Магілы невядомага жаўнера ў Варшаве Эманюэль Макрон ускладае вянок каля Магілы невядомага жаўнера ў Варшаве

Пасля поўдня ў рамках візіту распачаўся Першы Польска-францускі форум прамысловасці будучыні. Яго гаспадарамі зʼяўляюцца польская міністр развіцця Ядвіга Эмілевіч і міністр гаспадаркі і фінансаў Францыі Бруно Ле Мэр. У форуме ўдзел прымаюць, між іншым, міністр па справах экалагічнай трансфармацыі і салідарнай Францыі Элізабэт Борн і міністр па справах клімату Міхал Куртыка.

Міністэрства развіцця Польшчы падкрэслівае, што гэта першая такога тыпу гаспадарчая падзея ў польска-французскіх адносінах у апошнія гады. Форум прысвечаны польскім і французскім прадпрымальнікам, асабліва тым, хто дзейнічае ў прамысловай і энергетычнай галіне, а таксама ў сферы зялёнай гаспадаркі і эканоміцы закрытага цыклу.

Для Польшчы Францыя зʼяўляецца шостым самым вялікім гандлёвым партнёрам, а ўзровень гандлёвага абмену абедзвюх краін у 2018 годзе склаў 21 млрд еўра. Францыя знаходзіцца на чацвёртым месцы, калі гаворка ідзе пра колькасць фірмаў і грошы, інвеставаныя ў Польшчы.


ав