У праекце, які цыркулюе ўнутры адміністрацыі Дональда Трампа, пералічаны тры спісы краін, грамадзяне якіх могуць сутыкнуцца з абмежаваннямі на ўезд у ЗША. Беларусь патрапіла ў так званы «аранжавы» спіс краін, піша The New York Times са спасылкай на чыноўнікаў, знаёмых з сітуацыяй.
Самы строгі ўзровень прадугледжвае поўную забарону на ўезд грамадзянам 11 краін: Афганістана, Бутана, Кубы, Ірана, Лівіі, Паўночнай Карэі, Самалі, Судана, Сірыі, Венесуэлы і Емена.
У «аранжавы» спіс уваходзяць 10 краін — Беларусь, Эрытрэя, Гаіці, Лаос, М'янма, Пакістан, Расія, Сьера-Леонэ, Паўднёвы Судан, Туркменістан. Грамадзянам гэтых краін уезд у ЗША можа быць істотна абмежаваны. Напрыклад, асобам, якія падарожнічаюць па іміграцыйных або турыстычных візах, уезд можа быць забаронены.
Грамадзяне краін з гэтага спісу таксама будуць праходзіць абавязковыя асабістыя сумоўі для атрымання візы.
Прапанова таксама ўключае праект «жоўтага» спісу з 22 краін, якім будзе дадзена 60 дзён для ліквідацыі выяўленых недахопаў, з пагрозай перамяшчэння ў адзін з іншых спісаў, калі яны не выканаюць пэўныя патрабаванні.
euroradio.fm/эж