Чатыры народы і іх Касцюшка – артыкул пад такой назвай друкуе Руслан Шошын у выданні «Rzeczpospolita». Чым даўжэй працягваецца беларуска-расійская вайна за нафту, тым больш улады Беларусі паварочваюцца на Захад. Прынамсі ствараюць такое ўражанне.
У аўторак вечарам у Мінску адбылася нетыповая вечарына, арганізаваная Польшчай і ЗША з нагоды 274-й гадавіны народзін Тадэвуша Касцюшкі. Гэтая някруглая дата стала падзеяй нумар адзін у беларуская сталіцы. Туды прыйшлі не толькі дэпутаты, а прысутнічаў таксама міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Быў яго калега з Літвы Лінас Лінкявічус, які прыехаў з двухдзённым візітам, бо Мінск раптоўна прадэманстраваў адкрытасць у справе Астравецкай АЭС. Да прысутных з відэазваротам звярнуўся польскі міністр замежных спраў Яцэк Чапутовіч, а таксама дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа, які літаральна на днях наведаў Беларусь.
Усё ж найбольш здзівіў беларускі кіраўнік дыпламатыі. Уладзімір Макей цытаваў словы Збігнева Бжэзінскага пра тое, што Касцюшка быў героем абодвух народаў, які змагаўся і за свабоду амерыканцаў. Цытаваў нават выказванні Пампеа пра Касцюшку.
Разам з прадстаўнікамі ўладаў на ўрачыстасці прысутнічалі кіраўніцтва непрызнанага Саюзу палякаў Беларусі і прадстаўнікі апазіцыі.
- Лукашэнка падымае стаўку перад сустрэчай з Уладзімірам Пуціным, якая павінна адбыцца 7 лютага. Калі б яму сапраўды залежала на незалежнасці Беларусі, то ён ужо пачаў бы падпісваць доўгатэрміновыя кантракты на пастаўку даражэйшай нарвежскай, саудаўскай ці амерыканскай нафты, – гаворыць выданню Павал Севярынец.
Ён нагадвае, што да гэтага часу ў Мінску няма ніводнай вуліцы імя Тадэвуша Касцюшкі. Ідуць перамовы, каб яго імем назваць вуліцы на акраінах гораду. У той час як у цэнтры вуліцы названыя ў гонар камуністычных дзеячаў.
ав