Амаль 6% жыхароў Ісландыі складаюць палякі. Гэта самая буйная група нацыянальнай меншасці ў дзяржаве, што выклікае зразумелае зацікаўленне блізкім супрацоўніцтвам з Ісландыяй з боку польскіх дзяржаўных уладаў. Таксама энергетыка можа стаць той галіной, у якой краіны наладзяць эфектыўную супрацу.
Ісландыя – невялікая дзяржава на поўначы Еўропы з халаднаватым кліматам і выключнай палітычнай стабільнасцю. Яна займае адзін вялікі востраў пад аднайменным назовам і прылеглыя дробныя астравы на поўначы Атлантычнага акіяну. У дзяржаве пражывае каля 340 тыс. чалавек.
Нягледзячы на значную адлегласць ад мацерыка ды Польшчы, Ісландыю нельга назваць закрытай краінай. Ісландцы паважаюць іншаземцаў, а значны ўзровень эканамічнага развіцця і высокія заробкі прыцягваюць замежных працаўнікоў. Шмат палякаў вырашыла звязаць свой лёс, хаця б на нейкі час, з Ісландыяй. У краіне пражывае звыш 20 тыс. палякаў, што, натуральна, выклікае зацікаўленасць супрацоўніцтвам з Ісландыяй у Польшчы.
Трэцяга сакавіка пачаўся трохдзённы візіт прэзідэнта Ісландыі ў Польшчу. У Варшаве Гвюдні Торласіюс Ёўханесан (Guðni Thorlacius Jóhannesson) сустрэўся з прэзідэнтам Анджэем Дудам. Эканоміка была адной з важнейшых галін супрацы, пра якія ішла гаворка. Па словах Анджэя Дуды, магчыма між іншым развіццё супрацоўніцтва ў галіне геатэрмальнай энергетыкі.
- У нас вялізныя запасы геатэрмальнай энергіі ў Польшчы. Гэтыя запасы ёсць практычна на большай частцы тэрыторыі нашай краіны – гэта шырокая паласа ад поўдня па поўнач. Ісландыя ў дадзенай галіне з’яўляецца абсалютным лідарам. Мы вядзем перамовы са спадаром прэзідэнтам таксама пра супрацу ў дадзенай галіне, ёсць шырокія магчымасці супрацы.
Польшча атрымае больш за 160 млн. еўра ў рамках праграмы Асяроддзе, энергія і кліматычныя змены. Гэта частка Нарвежскіх фондаў і Еўрапейскай эканамічнай прасторы. Рыхтуецца трэцяе выданне праграмы. Ісландыя была адным з аўтараў дадзенай ініцыятывы. У Польшчы 160 млн. еўра будуць прызначаныя на змяншэнне наступстваў кліматычных зменаў, а таксама паступовы пераход на такую сістэму, якая вырабляе як мага меншую колькасць цяплічных газаў.
Ісландыя не ўваходзіць у склад ЕЗ, але за доступ да рынкаў супольнасці яна плаціць узносы на дапамогу бяднейшым дзяржавам Еўразвязу. Гэтымі сродкамі можа карыстацца таксама Польшча. Пра мэты праекту гаворыць прэзідэнт Анджэй Дуда.
- Каб мы маглі перайсці на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі, у Польшчы патрэбныя вялізныя інвестыцыі, патрэбныя вялікія сродкі.
Ісландскі прэзідэнт Гвюдні Ёўханесан адзначыў, што Ісландыя паставіла перад сабою мэту, каб да 2040 года яе эканоміка цалкам перастала выкідваць у атмасферу цяплічныя газы. На ягоную думку, Польшча таксама павінна паставіць перад сабою падобныя мэты.
- Ёсць патэнцыял, каб выкарыстоўваць геатэрмальную энергію, асабліва на поўдні Польшчы. Тое, ці мы будзем ісці ў правільным напрамку, залежыць толькі ад нас саміх.
У прысутнасці прэзідэнтаў двух краін была падпісаная дэкларацыя міністэрстваў адукацыі пра навучанне польскай мове ў Ісландыі. Пасля падпісання гэтага афіцыйнага акту прэзідэнт Анджэй Дуда казаў пра тое, наколькі важна даць польскім дзецям у Ісландыі магчымасць вывучаць польскую мову.
- Мы абмеркавалі пытанне выкладання польскай мовы дзецям і моладзі польскага паходжання ў Ісландыі. Я падзякаваў спадару прэзідэнту. Адносіны паміж нашымі краінамі выдатныя, я ведаю, што многія мясцовыя ўлады Ісландыі стараюцца, каб польскія дзеці мелі магчымасць вучыць польскую мову. Мы хочам, каб такая магчымасць пашыралася. Да палякаў у Ісландыі ставяцца з пашанай. Нельга забываць, што палякі – самая вялікая нацменшасць у дадзенай краіне. Паводле афіцыйных дадзеных, іх там звыш 20 тыс.
Першы дзень афіцыйнага візіту прэзідэнта Ісландыі разам з жонкаю ў Польшчу закончыўся ўрачыстым прыёмам, які выдаў Анджэй Дуда ў Прэзідэнцкім палацы ў гонар сваіх высокапастаўленых гасцей. Сёння візіт працягваецца. Гвюдні Ёўханесан з жонкаю Элайзай адправіліся ў Гданьск.
нг