Беларуская Служба

Беларусь не збіраецца пакуль разглядаць 31 дарожную карту інтэграцыі з РФ

07.03.2020 13:00
Пры якой умове Беларусь вернецца да абмеркавання інтэграцыі, а таксама іншыя важныя падзеі тыдня - у аглядзе Ўладзіміра Падгола.
Аўдыё
Уладзімір Падголradyjo.net

Беларусь не бачыць мэтазгоднасці ў працягу працы над дарожнымі картамі па інтэграцыі з Расеяй да рашэння нафтавых пытанняў. Пра гэта заявіў у чацвер міністр замежных спраў Уладзімір Макей:

 «Давайце вырашым пытанне з нафтавымі пастаўкамі, а потым ужо будзем далей думаць. Не працуе цяпер рабочая група, і сэнсу няма цяпер працаваць над гэтымі дарожнымі картамі, пакуль не будуць вырашаны гэтыя [нафтавыя] пытанні», – сказаў Уладзімір Макей.

Значыць, калі РФ дасць РБ танную нафту, тады па Макею можна разглядаць 31 дарожную карту, а там наднацыянальныя органы і адзіная валюта. Прэзідэнт жа неаднаразова публічна заяўляў, што дамовіўся з Пуціным, каб гэтыя пытанні не разглядаць, яны недатыкальныя.

Дык вось, у Мясніковіча з’явіўся канкурэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы. Атрымалася цікавая завочная дыскусія. Мясніковіч хоча, каб адзіная валюта ўзнікла ў Эўразэс, адпаведна, паміж РБ і РФ. А Макей хоча ўвесці наднацыянальныя органы і адзіную валюту за танную нафту. Крамлю, думаю, пасуюць абодва варыянты і абедзве асобы на статус кіраўніка РБ.

Уладзімір Някляеў быў у ЗША і апісаў галоўнае: «Вашынгтон. Двухгадзінная размова ў Дзярждэпартаменце ЗША. Два цікавыя моманты. Першы – на пытанне: «На якіх фактах палягала заява Дзяржсакратара ЗША М. Пампеа пра паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, хто падрыхтаваў для яго такую інфармацыю ў той час, калі ў Мінску канвеерам ішлі суды над удзельнікамі мітынгаў у абарону незалежнасці Рэспублікі Беларусь?» – адказу я не атрымаў.

Другі момант. Мяне спыталі: «Што б я сказаў А. Лукашэнку, калі б быў на месцы Дзяржсакратара ЗША?»

Я б сказаў: «Лукашэнка! Вось ты намагаешся давесці, што за цябе галасуюць амаль 90% выбарцаў. Дык навошта ты займаешся на выбарах фальсіфікацыямі? Правядзі нарэшце свабодныя выбары, каб і мы, амерыканцы, і ўвесь свет убачыў, што ты насамрэч такі, якім сябе малюеш. Тады мы будзем ведаць, што дапамагаючы табе, мы дапамагаем Беларусі, беларускаму народу, і нас не будуць вінаваціць, што праз палітыку дыялогу мы проста дапамагаем табе заставацца ва ўладзе».

Да гэтага я дадаў, што патрабаванне свабодных выбараў мусіць быць умовай любой дапамогі Лукашэнку як з боку ЗША, гэтак і з боку Еўразвязу, і мне паабяцалі, што пажаданне гэтае абавязкова перададуць не толькі Дзяржсакратару, але і Прэзідэнту ЗША.

У Беларусі 2 сакавіка пачаліся супольныя беларуска-брытанскія вайсковыя вучэнні, у якіх удзельнічаюць 28 марскіх пяхотнікаў Вялікабрытаніі. Вучэнні пад кодавай назвай «Зімовы партызан» каля Віцебску працягнуцца да 14 сакавіка. Гэта першыя ў гісторыі вучэнні на тэрыторыі Беларусі з удзелам брытанскіх вайскоўцаў. Брытанскія пяхотнікі прыбылі ў Беларусь з уласным узбраеннем.

Пра гэта і іншыя падзеі з выбараў прэзідэнта РБ у перадачы.

 

Уладзімір Падгол

слухайце аўдыё

 

 

Больш на гэтую тэму: Паміж радкоў