Варшаўскія паўстанцы выступілі ў абарону супольнасці ЛГБТ, паведамляе партал Gazeta.pl. Нагадаем, Варшаўскае паўстанне пачалося 1 жніўня 1944 года, калі польскія патрыёты выступілі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Цягам некалькіх апошніх дзён асяроддзе ЛГБТ падвергнулася масавай атацы з боку правых сіл. У прыватнасці, правыя палітыкі зазначалі, што «ЛГБТ – гэта не людзі», казалі, што негетэранарматыўныя асобы «горшыя за іншых людзей», можна было пачуць таксама іншыя акрэсленні, якія не павінны гучаць з вуснаў палітыкаў у дэмакратычнай краіне.
Больш за тое, гэтая навіна хутка трапіла на палосы вядучых сусветных СМІ, таму што на падобныя выказванні сабе дазволіў прэзідэнт Польшчы і кандыдат у прэзідэнты (на другі прэзідэнцкі тэрмін – рэд.) Анджэй Дуда. Правыя палітыкі зазначаюць, што яны не супраць людзей, але «ідэалогіі ЛГБТ». Хоць, насамрэч, нечага такога як «ідэалогія ЛГБТ» звычайна не існуе ў прыродзе.
І вось, у абарону негетэранарматыўных асоб сталі героі Варшаўскага паўстання, большасці якім – больш за 90 гадоў. «Мы павінны ў рэзкай форме асудзіць словы, якія пачула Польшча і свет (...). Мы асуджаем прыніжэнне прадстаўнікоў сэксуальных мяншынь у краіне, у якой фашысты забівалі гомасэксуалаў толькі таму, што яны адрозніваюцца ад рэшты людзей», – зазначылі ў супольнай заяве Саюз варшаўскіх паўстанцаў і Фонд памяці пра герояў Варшаўскага паўстання.
«Вось ужо некалькі дзён у польскай грамадскай прасторы чуваць словы, якія адмаўляюць чалавечнасць іншай асобе», пішуць паўстанцы. «Падчас Варшаўскага паўстання мы змагаліся за чалавечую годнасць, якую ў нас забралі акупанты. Мы не павінны быць абыякавымі ў момант, калі з'яўляемся сведкамі дэгуманізацыі меншасці, бо гэта нагадвае нам найгоршыя часы, у якія нам прыйшлося жыць. Мы лічым, што наш абавязак – абараніць людзей, якія слабейшыя за нас», – напісалі ўдзельнікі звароту.
Супраць выказванняў правых палітыкаў, якія лічаць, што «ЛГБТ – гэта не людзі», выступілі многія вядомыя палякі, у прыватнасці, славуты пісьменнік маладога пакалення Шчэпан Твардах. «Нянавісць канчаткова вядзе да трагедыі», – напісаў ён у сацыяльных сетках. Паводле яго, кампанія нянавісці была раскручаная спецыяльна ў палітычных мэтах, каб мабілізаваць кансерватыўны электарат прэзідэнта Дуды. Дарэчы, з такой думкай згаджаецца большасць аналітыкаў і аглядальнікаў, нават тых, якія сімпатызуюць праваму лагеру.
У сваю чаргу маці асоб ЛГБТ звярнуліся з адкрытай заявай, адрасатам якой стаў, у прыватнасці, Анджэй Дуда. Яны правялі канферэнцыю перад Прэзідэнцкім палацам у Варшаве. «Ад імя маці прашу вас, каб вы не крыўдзілі нашых дзяцей», – заклікала Гэлена Бедрань, маці сацыял-дэмакратычнага палітыка, еўрадэпутата і адкрытага гея Роберта Бедраня, паведамляе партал Gazeta.pl.
Дарэчы, Роберт Бедрань узначальвае групу Еўрапарламента па кантактах з Беларуссю.
Валеры Саўко