Беларуская Служба

Nord Stream 2 можа быць выкарыстаны выведкай і пагражаць Захаду

05.04.2021 12:01
Існуе рызыка, што Расія будзе выкарыстоўваць інфраструктуру газаправода для разведвальнай дзейнасці, кажа прадстаўнік польскіх спецслужбаў.
Nord Stream 2
Nord Stream 2By Bair175 - Own work, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=25732789

Хоць праект трубаправода Nord Stream 2, які павінен транспартаваць прыродны газ з Расіі ў Германію ў абыход Украіны, нямецкі бок прадстаўляе як чыста эканамічны праект, то ён можа пагражаць бяспецы Захаду, піша прэс-сакратар міністра каардынатара польскіх спецслужбаў Станіслаў Жарын(Stanisław Żaryn) на партале Defense News.

„Існуе рызыка таго, што інфраструктура, якая выкарыстоўваецца для пракладкі расійскага газаправода па дне Балтыйскага мора, можа дазволіць Крамлю размясціць прыборы для назірання”, - піша польскі чыноўнік. Жарын падкрэслівае ролю Балтыйскага мора як рэзервуара, у якім часта адбываюцца манеўры НАТА. Ён дадае, што Балтыйскае мора мае стратэгічнае значэнне, паколькі яно можа выкарыстоўвацца для паставак звадкаванага газу, дзякуючы чаму такія краіны, як Польшча, могуць пазбегнуць залежнасці ад Расіі ў гэтай сферы.

„Між іншым, па гэтых прычынах трэба сур’ёзна ставіцца да пагрозы расійскай выведкі, звязанай з Nord Stream 2”, - падкрэслівае прэс-сакратар.

Ён нагадвае, што пра падобныя боязі ў 2018 годзе гаварыла Сандра Удкірк з Дзярждэпартамента ЗША. „Гэты новы праект дазволіць укараняць новыя тэхналогіі па маршруце трубаправода. Гэта пагроза”, - цытуе ейныя словы Жарын. Ён нагадвае, што ў 2006 годзе тагачасны міністр абароны Швецыі таксама гаварыў аб магчымасці выкарыстання газаправода для збору разведдадзеных.

Яшчэ адна небяспека – гэта патэнцыйнае выкарыстанне трубаправода, як падставы для размяшчэння расійскага флоту ў Балтыйскім моры. Тэарэтычна для абароны трубы. Гэта, паводле Жарына, магло б паралізаваць суднаходства ў Балтыйскім моры і пагражаць далейшай эскалацыяй такога канфлікту. Польшча - найбуйнейшы член на Усходнім флангу НАТА, выдатна разумее пагрозы, якія вынікаюць з Nord Stream 2 і таму шукае спосабы спыніць будаўніцтва гэтага небяспечнага праекта, падкрэслівае Жарын.

Ён таксама нагадвае, што грошы, якія Расія можа зарабіць на эксплуатацыі трубы, могуць быць пазней выкарыстаныя Крамлём для дэстабілізацыі Захаду.

Жарын адзначае, што ўсё больш еўрапейскіх краін бачаць пагрозу з боку Nord Stream 2 і заклікаюць Германію таксама сур'ёзна паставіцца да гэтага пытання. Ён падкрэслівае значэнне амерыканскіх санкцый, накіраваных на будаўніцтва трубаправода. „ЗША павінны ачольваць барацьбу з гэтым небяспечным праектам і працягваць супрацоўніцтва з Еўропай, асабліва з краінамі Усходняга фланга НАТА, каб прывесці да спынення яго будаўніцтва”, - падсумоўвае Станіслаў Жарын ў артыкуле, змешчаным на старонцы Defense News.

аз