Расійскія ўлады, закрыўшчы лідара апазіцыі ў калоніі, імкнуцца яго прынізіць і прымусіць здацца. А на самой справе яны ламаюць не толькі Аляксея Навальнага, а збунтаваных расіян – піша Міхал Кацэвіч у тыднёвіку Newsweek.
Навальны ў калоніі пахудзеў на 15 кілаграмаў. У пратэсце супраць абмежаванага доступу да лекара ён аб'явіў галадоўку. У пятніцу яе спыніў. Апазіцыянер цэлымі днямі ляжыць на нарах і чытае Біблію. Іншыя кніжкі забараняюцца. Такім чынам Навальны збірае пункты, каб трапіць карцар, бо днём у камеры можна толькі стаяць або сядзець, але ён ляжыць, бо яму моцна баліць пазваночнік. Турэмшчыкі шматлікімі спосабамі імкнуліся змусіць яго спыніць галадоўку – падкідалі цукеркі, або наўмысна жарылі мяса.
Тэма Навальнага доўгі час была забаронена ў афіцыйных расійскіх СМІ. Пуцін ніколі не называў яго прозвішча, казаў «гэты грамадзянін» або «ён». Гэта змянілася пасля спробы атручэння апазіцыянера баявым хімічным рэчывам. Пасля вяртання Навальнага ў Расію з лячэння ў Нямеччыне, і пасля вынесенага прысуду ў прапагандысцкім дыскурсе яго сталі называць «карумпаваным авантурыстам на службе Захаду».
Амаль паралельна з пераследам Навальнага адбываецца ў Расіі пераслед іншадумцаў у цэлым. Улады пачалі паляванне на лідараў і звычайных удзельнікаў пратэстаў. Судовы канвеер выдае прысуды: арышт, штраф, хатні арышт за абы што. Часам пакаранне курʼёзнае – забарона выходзіць з дому ад 00.00 да 23.59 і да гэтага забарона на карыстанне Інтэрнэтам.
Як паказваюць вынікі апытання Цэнтра Левады, ажно 48% расіян лічыць прысуд Навальнаму справядлівым, 29% несправядлівым. Аднак, сярод маладых расіян толькі 35% падтрымліваюць прысуд Навальнаму, амаль палова супраць рашэння суду. Маладыя выходзяць на вуліцы ў абарону Навальнага.
яс