Беларуская Служба

Польскія палітыкі дамаўляюцца па справе сродкаў з еўразвязаўскага Фонду рэканструкцыі

28.04.2021 16:07
Польшча з'яўляецца адным з найбуйнейшых бенефіцыяраў бюджэту ЕС на 2021-2027 гады і Фонду рэканструкцыі.
Аўдыё
  • Польскія палітыкі дамаўляюцца па справе сродкаў з еўразвязаўскага Фонду рэканструкцыі.
   .
Прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі.PAP/Rafał Guz

У аўторак польскі ўрад прыняў законапраект аб ратыфікацыі Рашэння аб павелічэнні ўласных рэсурсаў Еўрасаюза. Ратыфікацыя згаданага дакумента дзяржавамі-членамі неабходная для старту выплатаў з Фонду рэканструкцыі ЕС. Аднак умовай атрымання сродкаў з ЕС стане Нацыянальны план рэканструкцыі - такі дакумент павінна падрыхтаваць кожная членская дзяржава і да канца красавіка прадставіць Еўракамісіі. Тым часам, калі гаворка ідзе пра Нацыянальны план рэканструкцыі згоды ў польскім парламенце няма, у прыватнасці па гэтай справе спрачаюцца нават члены кіроўнай кааліцыі.

Прыняты ў аўторак урадам законапраект аб ратыфікацыі Рашэння Еўрапейскага савета ад 14 снежня 2020 года аб сістэме ўласных рэсурсаў Еўрапейскага Саюза і адмене рашэння з 2014 года па гэтым пытанні, цяпер павінен ухваліць парламент, гэта будзе азначаць „зялёнае святло” ад Польшчы для буйнога Фонду рэканструкцыі ЕС.

Паводле кіраўніка польскага ўраду Матэвуша Маравецкага гэты гістарычны заканадаўчы акт можна параўнаць з планам Маршала, які дапамог адбудаваць Еўропы пасля Другой сусветнай вайны:   

-  Мы не змаглі скарыстацца першым планам Маршала, паколькі камуністы зрабілі гэта немагчымым для нас. Сёння ў нас ёсць яшчэ адзін шанец.

Тым часам ідэю фонду крытыкуе „Салідарная Польшча”. Кааліцыйны партнёр „Права і справядлівасці”  лічыць, што план ажыццяўлення Фонду рэканструкцыі ЕС можа ў будучыні пагражаць суверэнітэту Польшчы. Паводле палітыкаў „Салідарнай Польшчы” магчымасць прыпынення выплатаў можа стаць эфектыўным інструментам ціску на Польшчу.   

Кіраўнік урада заклікаў кааліцыянтаў праігнараваць палітычныя спрэчкі:

- Давайце праігнаруем прыватныя палітычныя спрэчкі некалькіх актывістаў. Давайце даруем ім спробы абароны прыватных інтарэсаў.

Нацыянальны план рэканструкцыі, які распрацоўвае Міністэрства фондаў і рэгіянальнай палітыкі - гэта дакумент, які вызначае мэты, звязаныя з рэканструкцыяй і стварэннем сацыяльна-эканамічнай устойлівасці Польшчы пасля крызісу, выкліканага пандэміяй COVID-19. У ім утрымліваюцца прапановы па рэформах і інвестыцыях, якія дапамогуць Польшчы вярнуцца на правільны шлях развіцця.

Апрача „Права і Справядлівасці” законапраект падтрымаюць таксама апазіцыйныя „Левыя сілы”, гэта пасля таго, як улады аб’яцалі ўзяць пад увагу таксама прапановы палітыкаў левай фракцыі ў парламенце.

Гаворка ідзе пра выдзяленне дадатковых сродкаў раённым бальніцам, будаўніцтва 75 тысяч танных кватэраў і перавод прыблізна 30 працэнтаў сродкаў з плана мясцовым органам улады. Акрамя таго, 300 мільёнаў еўра будуць выдзелены на падтрымку тых галін, якія асабліва пацярпелі ад пандэміі, такіх як грамадскае харчаванне і гасцініцы. Урад пагадзіўся таксама ўключыць у Камітэт па маніторынгу працэсу размеркавання сродкаў - акрамя прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і прадпрымальнікаў - таксама прадстаўнікоў прафсаюзаў.

Намеснік міністра фондаў і рэгіянальнай палітыкі Вальдэмар Буда(Waldemar Buda), які каардынуе падрыхтоўку Нацыянальнага плана рэканструкцыі, нагадаў пра тое, што яшчэ восенню прадстаўнікі фракцыі „Грамадзянскай кааліцыі”, у тым ліку Барыс Будка, патрабавалі прыняцця плана, як адзінага шанцу для Польшчы. Цяпер згаданая фракцыя займае іншую пазіцыю. Вальдэмар Буда ацаніў, што гэта палітычная гульня супраць Нацыянальнага плана рэканструкцыі і Фонду рэканструкцыі, якая закранае ўвесь Еўрапейскі Саюз:

- Гэта відавочная палітычная гульня, каб, скажам так, паставіць нагу. Цікава, як Дональд Туск паясніць гэта Урсулі фон дэр Ляен ці канцлерцы Мэркель. Гэта абсалютна антыеўрапейскае дзеянне, якое блакуе выплату сродкаў таксама для астатніх членскіх краінаў. Гэта абсалютна неадказнае дзеянне.  

Нагадваем, „Грамадзянская кааліцыя” рэзка крытыкавала „Левыя сілы” за перадачу сваіх прапаноў у Нацыянальны план рэканструкцыі і ўзгадненне іх з урадам. Палітыкі найбуйнейшай апазіцыйнай фракцыі перасцераглі сваіх калегаў, што калі ўлады выкарыстаюць сродкі з ЕС дзеля сваіх партыйных інтарэсаў, то гэта будзе выключна іхная віна.

Дэпутат ад „Левых сілаў” Агнешка Дземяновіч-Бонк(Agnieszka Dziemianowicz-Bąk) сказала, што яе фракцыя чакае, што дамоўленасці, узгодненыя з урадам, будуць уключаны ў Нацыянальны план рэканструкцыі. Яна дадала, што „Левыя сілы” прагаласуюць у парламенце за ратыфікацыю Рашэння аб павелічэнні ўласных рэсурсаў Еўрасаюза, калі ўбачаць, што іхныя патрабаванні былі ўнесены ў накіраваны ў Брусель Нацыянальны план рэканструкцыі.

„Левыя сілы” таксама хочуць пазнаёміцца з актам аб ратыфікацыі. Агнешка Дземяновіч-Бонк супакойвае калегаў з апазіцыі, што ўключэнне пастулатаў „Левых сілаў” у афіцыйны дакумент павінна даць Еўрапейскай камісіі магчымасць кантролю і нагляду за выкананнем плана польскімі ўладамі:

- Фонд рэканструкцыі прадугледжвае выплату сродкаў у траншах. Калі б урад правых сілаў, або нейкі іншы ўрад не рэалізаваў праектаў, прадугледжаных згаданым планам, то ў любы момант Еўракамісія можа прыпыніць прыток сродкаў, то бок прадухіліць выплаты чарговай траншы.

Па словах кіраўніка ўрада, Фонд рэканструкцыі ЕС - гэта „вялікі шанец на адраджэнне польскай эканомікі”. Ён адзначыў, што ў рамках сродкаў ЕС Польшча будзе атрымліваць грошы не толькі для прадпрымальнікаў і на інавацыі, але таксама сродкі для сельскай гаспадаркі.

Як раней паведаміў урад, сродкі з ЕС будуць накіраваны на найбольш важныя сферы, такія як: ахова здароўя, энергетыка і навакольнае асяроддзе, эканоміка і прадпрымальніцтва, лічбаванне, інфраструктура, транспарт, інавацыі, грамадства і г.д. 20 працэнтаў сродкаў павінны ісці на лічбаванне, а 37 працэнтаў для інвестыцыі, звязаных з аховай навакольнага асяроддзя і аховай здароўя.

Нагадваем, у снежні мінулага года кіраўнікі краін Еўрапейскага саюза ўзгаднілі бюджэт супольнасці на 2021-2027 гады і Фонд рэканструкцыі эканомік дзяржаў-членаў пасля эпідэміі COVID-19.

Фонд рэканструкцыі (Next Generation EU) - гэта адказ Еўрапейскага Саюза на новыя пагрозы і задачы, выкліканыя пандэміяй. Ён мае дзве асноўныя мэты: аднаўленне ўстойлівасці эканомік ЕС пасля крызісу пандэміі і падрыхтоўку да будучых, непрадбачаных выклікаў.

Увесь бюджэтны пакет для Польшчы да 2027 года складае больш за 169 мільярдаў еўра (прыблізна 770 мільярдаў злотых). У рамках Фонду рэканструкцыі ЕС Польшча павінна атрымаць амаль 24 мільярды еўра субсідый і больш за 34 мільярды еўра крэдытаў, гэта разам 58 мільярдаў еўра. Грошы павінны быць выкарыстаныя да 2026 года.
Умовай для атрымання згаданых сродкаў стане Нацыянальны план рэканструкцыі, інакш план расходаў, які павінен быць падрыхтаваны кожнай дзяржавай-членам і прадстаўлены Еўракамісіі да канца красавіка.
Каб запусціць фонд парламенты кожнай дзяржавы-члена павінны ратыфікаваць Рашэнне кіраўнікоў ЕС аб павелічэнні ўласных рэсурсаў ЕС. Ратыфікацыя таксама азначае, што дадзеная краіна прымае бюджэт ЕС.

Нагадваем, Польшча з'яўляецца адным з найбуйнейшых бенефіцыяраў бюджэту ЕС на 2021-2027 гады і Фонду рэканструкцыі.
аз