Беларуская Служба

Саміт Байдэна-Пуціна адбудзецца ў чэрвені

06.05.2021 13:01
ЗША і Расія спрабуюць абмеркаваць „агульныя інтарэсы”, нягледзячы на  адрозненні, напрыклад, у стаўленні да Аляксандра Лукашэнкі.  
Джо Байдэн PAP/EPA/JIM LO SCALZO

Прэзідэнты ЗША і Расіі Джо Байдэн і Уладзімір Пуцін маюць намер сустрэцца ў чэрвені. Сустрэча лідараў Расіі і ЗША павінна адбыцца пасля перамоваў амерыканскага лідара з хаўруснікамі з  НАТА, піша The Washington Post.

Байдэн, які заявіў надоечы, што спадзяецца сустрэцца з Пуціным у чэрвені, у сваім календары на гэты месяц мае ўжо запланаваны ўдзел у саміце G7 у Вялікабрытаніі 11-13 чэрвеня. Праз дзень ён адправіцца на саміт НАТА ў Брусель.
Паводле расійскіх СМІ, якія спасылаюцца на ананімныя крыніцы ў Вашынгтоне, Белы дом прапанаваў расійскаму боку арганізаваць саміт Байдэн-Пуцін 15 або 16 чэрвеня ў трэцяй краіне. Пра магчымасць арганізацыі такой сустрэчу ўжо заявілі Аўстрыя і Фінляндыя. Нагадваем, папярэдні саміт Расія-ЗША праходзіў у Хельсінкі ў 2018 годзе. Амерыканскі бок тады прадстаўляў Дональд Трамп.

Хоць амерыканска-расійскія адносіны становяцца ўсё больш варожымі, ёсць напрамкі для патэнцыяльнага супрацоўніцтва: кантроль над ядзернай зброяй, ядзернае пагадненне з Іранам, пытанне Паўночнай Карэі і стабільнасці ў Афганістане пасля вываду амерыканскіх сіл.

Штодзёнка нагадвае таксама, што Пуцін удзельнічаў у віртуальным кліматычным саміце, арганізаваным па ініцыятыве Белага дома ў мінулым месяцы. Аднак расійскі лідар можа заставацца непахісным у справах Украіны і зняволенага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Белы дом і Крэмль моцна адрозніваюцца таксама калі гаворка ідзе пра стаўленне да Аляксандра Лукашэнкі і Башара аль Асада.

З таго часу, як Байдэн заняў пасаду прэзідэнта, паміж Масквой і Вашынгтонам рэгулярна ўзнікаюць спрэчкі. У красавіку гаспадар Белага дома назваў Пуціна „забойцам”. ЗША таксама рашуча асудзілі канцэнтрацыю расійскіх войскаў на мяжы з Украінай, заявіўшы аб падтрымцы ўладаў у Кіеве. Тым не менш новы кіраўнік ЗША не хавае, што бачыць магчымасці для супрацоўніцтва з Крамлём там, дзе ёсць „агульны інтарэс” і таму прапанаваў Пуціну сустрэчу ў трэцяй краіне - за межамі ЗША і Расіі.

Аднак варожыя дзеянні Масквы сустрэнуцца з рашучым адказам Вашынгтона, то бок абвешчанымі ў красавіку санкцыямі за кібератакі і ўмяшальніцтва ў выбарчы працэс у ЗША. У той жа час Дзярждэпартамент ЗША не пашырыў на еўрапейскія кампаніі санкцый супраць газаправода Nord stream 2, да чаго ў Кангрэсе заклікаюць і рэспубліканцы і дэмакраты, нагадвае The Washington Post.

аз