З нагоды гадавіны сфальсіфікаваных выбараў 2020 года лідарка беларускага дэмакратычнага руху Святлана Ціханоўская звярнулася да чытачоў некалькіх еўрапейскіх газетаў, у тым ліку польскага выдання Gazeta Wyborcza.
Ліст пачынаецца ад жыццёвай гісторыі Ціханоўскай. Яна падкрэслівае, што ў кандыдаты ішла як маці і жонка. І гэтыя ролі не змяніліся – яны пашырыліся. Зараз яна думае не толькі пра сваіх дзяцей, але і пра ўсіх беларусаў. Яе адказнасць за кожнага свабоднага беларуса – гэта адказ на давер, які яна атрымала год таму.
У сваім лісце яна згадвае злачынствы лукашэнкаўскага рэжыму. Ціханоўская піша, што немагчыма не змагацца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, калі Сцяпан Латыпаў спрабаваў здзейсніць самагубства ў судзе, калі Дзьмітрый Стахоўскі скача з даху, бо не хоча быць далей ахвярай пераследу органаў бяспекі. Слёзы, якія тады з’явіліся, – гэта сіла і перавага, якой няма ў рэжыму, і гэтая перавага ўзнікае дзякуючы мацярынскаму інстынкту. Трагічныя падзеі і штодзённае гора беларусаў толькі дадае ўпэўненасці падчас сустрэчаў з міжнароднымі лідарамі, бо кожная размова з прэзідэнтам, прэм’ер-міністрам, лідарам палітычнай сілы набліжае да перамогі, піша Ціханоўская.
Вялікую ўвагу Ціханоўская звяртае на тое, што беларусы здабылі сваю ідэнтычнасць. Тое, чаго іншыя народы вучыліся дзясяткамі гадоў, у беларусаў атрымалася за год. Яны былі вымушаны знайсці «сваё»: свой сцяг, мову, каштоўнасці. І гэта ўдалося. Сёння беларусы ўпэўненыя ў тым, што хочуць свабоды, хочуць мець выбар, хочуць каб людзі, якія парушаюць правы чалавека, адказалі за свае злачынствы. Урэшце, Ціханоўская пераканана, што шлях, на які стаў народ, цяжкі і доўгі, але правільны, чытаем у лісце для выдання Gazeta Wyborcza і некалькіх іншых еўрапейскіх газетаў.
аев