Беларуская Служба

Еўрасаюз рыхтуецца да чарговай хвалі міграцыі

10.08.2021 16:38
Чарговай крыніцай нестабільнасці, якая накручвае хвалю міграцыі, з’яўляецца Афганістан.
АфганістанPAP/EPA/AKHTER GULFAM

ЕС рашуча зачыняе межы. Еўрасаюз рыхтуецца да чарговай хвалі міграцыі. Яна ўжо заўважальная ў Польшчы. Памежная служба краіны інфармуе пра рэкордную колькасць уцекачоў. З аднаго боку, гаворка ідзе пра іракцаў, якім дапамагаюць беларускія ўлады. Чарговай крыніцай нестабільнасці, якая накручвае хвалю міграцыі, з’яўляецца Афганістан. На выходных талібы перанялі горад Кундуз. Невядома, ці да восені ўтрымаецца сталіца, Кабул. Тыя, хто мае магчымасці, уцякаюць з Афганістану ўжо цяпер, піша выданне Dziennik Gazeta Prawna.

Падляская памежная служба інфармавала ўчора, што з пятніцы да нядзелі на мяжы з Беларуссю былі затрыманыя ажно 349 чалавек. У пераважнай большасці гэта грамадзяне Іраку і Афганістану. У мінулым годзе было затрымана толькі 114 мігрантаў, якія калектыўна пераходзілі беларуска-польскую мяжу. У гэтым годзе іх агульная колькасць ужо склала 871. Пакуль уцекачы трапляюць у адмысловыя цэнтры, што далей – невядома. На пытанне, ці стратэгія можа памяняцца, калі будзе расці колькасць мігрантаў, у Памежнай службе адказваюць, што пад увагу бяруцца розныя магчымасці. У тым ліку разварот мігрантаў у краіну, з якой яны прыбылі.

Польшча і Літва папрасілі дапамогі ў ЕС. Супольнасць ужо больш працяглы час рыхтуецца да чарговай хвалі мігрантаў, умацоўваючы Памежную службу. DGP адзначае, што не бачна і сляда палітыкі адчыненых межаў з 2015 году.

У апошнія гады агенцтва па ахове межаў Frontex было значна разбудаванае. Яго бюджэт на 2021 год складае рэкордныя 544 млн еўра. Яшчэ год таму на яго працу было прызначана каля 200 млн еўра менш.

Frontex таксама будуе корпус функцыянераў, якія працуюць на межах. Ён будзе налічваць каля 10 тысяч чалавек. Да яго можа далучыцца кожны.

Няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца мігрантамі, крытыкуюць Fronteх. Amnesty International апошнім часам апублікавала справаздачу пра сітуацыю мігрантаў у Грэцыі. Паводле АІ, насілле і высылка назад сталі дэ факта замежнай палітыкай ЕС. Адначасова ў справаздачы адзначана, што сітуацыя тычыцца Грэцыі і нельга сцвярджаць, што сітуацыя паўсюдная на ўсіх межах ЕС.

ав