Эвакуацыю сваіх грамадзян, а таксама афганцаў, якія супрацоўнічалі з заходнімі краінамі, пачалі дзяржавы захаду, для прыкладу, Германія. Да эвакуацыі афганцаў, якія супрацоўнічалі з польскай грамадзянскай і вайсковай адміністрацыямі, прыступіла таксама Варшава, паведамляе газета Rzeczpospolita. Паводле плану, два польскія вайсковыя транспартныя самалёты C-130 Hercules даставяць у перавалачны пункт (хутчэй за ўсё гэта будзе Узбекістан) грамадзян Афганістану. Пазней яны трапяць у Польшчу. У запасе будзе знаходзіцца меншы транспартны самалёт CASA C-295M, які зможа забраць на борт ад 50 да 70 чалавек (лічба залежыць ад колькасці багажу).
У аўторак у эвакуацыйным спісе было 120 афганцаў, якія дапамагалі польскаму ваеннаму кантынгенту і польскім дыпламатам. У Варшаве аднак зазначаюць, што гэта няпоўны спіс і што ён можа быць пашыраны. Частка людзей, якія будуць эвакуяваныя, не пражывае ў Кабуле, што з’яўляецца дадатковай цяжкасцю, паколькі амаль уся краіна знаходзіцца пад кантролем талібаў. Цяпер транспартныя самалёты, якія будуць вывозіць афганцаў, знаходзяцца ў Тбілісі. Пілоты чакаюць загаду, каб магчы вылецець у Кабул. Аперацыю будуць прыкрываць падраздзяленні сіл хуткага рэагавання Войска Польскага. Сярод эвакуяваных – трое грамадзян Польшчы.
Польскія спецыялісты па міжнародных пытаннях і пытаннях бяспекі лічаць, што афганцы, якія трапяць у Польшчу, павінны быць ахопленыя ўрадавай адаптацыйнай праграмай. Паводле іх, польская дзяржава павінна ім запэўніць пражыванне і дапамагчы ва ўладкаванні ў новай краіне ў знак удзячнасці за тое, што дапамагалі палякам, калі яны ў рамках місіі НАТА дыслакаваліся ў Афганістане, паведамляе газета Rzeczpospolita.
вс