Беларуская Служба

Ці вернецца цемрашальства, якое назіралася ў Афганістане пад уладай талібаў?

27.08.2021 14:51
Тэматыцы Афганістану ў першы перыяд улады талібаў былі прысвечаны надоечы паказ і дыскусія ў Беларускім доме ў Варшаве.
Аўдыё
,
Кабул, Афганістанфота: EPA/STRINGER Dostawca: PAP/EPA

Афганская тэматыка не пакідае важнейшыя пазіцыі інфармацыйных стужак свету. Людзі ў розных кропках планеты сочаць за драматычнымі падзеямі ў аэрапорце Кабулу, адкуль людзі спрабуюць вылецець у бяспечныя краіны, многія задаюцца пытаннем, ці кіраванне талібаў будзе такім жа жорсткім, як у 1996-2001 гадах.

Тэматыцы Афганістану ў першы перыяд улады талібаў былі прысвечаны надоечы паказ і дыскусія ў Беларускім доме ў Варшаве. Гэта новы цыкл пад назваю «Палітычная антрапалогія». Арганізатары абяцаюць разбіраюць аўтарытарныя сістэмы XX-XI стагоддзя. Мэта дадзеных лекторыяў – зрабіць дэканструкцыі сістэм, для таго, каб вылучыць іх прыроду з'яўлення ды вызначыць логіку і правілы, па якіх аўтарытарныя дзяржавы і супольнасці існуюць у сучасным свеце. Гаворыць адзін з мадэратараў дыскусіі Кацпэр Сяніцкі (Kacper Sienicki).

- Увесь свет у апошнія тыдні, апошнія дні глядзіць на Афганістан, таму гэтая тэма – узнікненне руху Талібан, сітуацыя ў Афганістане – пачатак нашага цыклу сустрэч, прысвечаных таталітарным сістэмам 20-га і 21-га стагоддзя. Талібы захапілі ўладу ў Афганістане, і цяпер увесь свет пачаў разважаць, як можа выглядаць жыццё пад іх кіраўніцтвам. Першая тэма – менавіта Афганістан, але мы закранем шырэйшы кантэкст таталітарных і аўтарытарных сістэм кіравання. Выбар тэматыкі звязаны, несумненна, з падзеямі мінулага года ў Беларусі. Цяпер у краіне пануе дыктатарскі рэжым, беларусы пачалі цікавіцца палітыкай, нават тыя, каго раней яна не цікавіла. Людзі імкнуцца зразумець механізм паўстання таталітарных рэжымаў, якім чынам ім удаецца здабыць ды ўтрымаць уладу, панаваць над грамадствам.

Тэма першага кіналекторыя: «Рух Талібан і прычыны яго ўзнікнення». У чацвер быў паказаны фільм афганскага рэжысёра Сіддзіка Бармака «Усама». У стужцы паказана сітуацыя жанчын у Афганістане. Асабліва ўдоваў, якія не маглі працаваць і зарабляць на жыццё, паколькі нельга было выйсці з дому без суправаджэння мужчыны.

Зміцер Салаўёў – супрацоўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» – прыйшоў на паказ, каб ацаніць кінафільм з пункту гледжання сваёй дзейнасці. Для Зміцера сітуацыя жанчын у Афганістане – гэта поўнае цемрашальства, якое не павінна мець месца.

- Я сачу за гэтым, глядзеў кадры хронікі, калі раней талібы былі пры ўладзе. Гэта проста цемрашальства. Гэта катастрофа, калі захопліваюць уладу людзі, якія стараюцца судзіць іншых людзей праз сваё разуменне рэлігійных поглядаў. Яны кажуць, што судзяць людзей па законах шарыяту. Я лічу, што нельга судзіць людзей паводле рэлігійных законаў. Афганістан – гэта яскравы прыклад, дзе парушаюцца правы жанчын. Не можа такога быць, каб забаранялі вучыцца, забаранялі насіць вопратку, якую жадае жанчына, забаранялі хадзіць па вуліцы без суправаджэння асобы мужчынскага полу.

У фільме «Усама» паказаны Афганістан у перыяд першага панавання талібаў. Цяпер яны зноў прыйшлі да ўлады. На жаль, сітуацыя можа паўтарыцца, паколькі ўжо першыя дні прынеслі прыклады самасудаў і забойстваў, здарыўся таксама жахлівы тэракт каля лётнішчы ў Кабуле, у выніку якога загінула звыш сотні чалавек. Адказнасць за арганізацыю тэракту ўзяла на сябе радыкальная групоўка «Ісламская дзяржава Харасан», якая нейкі час таму адкалолася ад Талібану.

слухайце аўдыё

нг