Тое, што ўчынілі ў Мінску аператыўнікі спецгрупы «А» КДБ Беларусі нагадвае дзеянні бандытаў. Яны дзейнічалі непрафесійна, што прывяло да гібелі людзей, у прадстаўленых доказах бачны спробы маніпуляцыі інфармацыяй, перакананы падкамісар польскай паліцыі на пенсіі, шматгадовы аператыўнік атрада па барацьбе з тэрарызмам Дар'юш Ларанты.
28 верасня ў Мінску падчас перастрэлкі ў кватэры загінуў супрацоўнік кампаніі ЕРАМ Андрэй Зэльцэр, ён бараніўся ад супрацоўнікаў КДБ, якія ўварваліся як бандыты ў яго кватэру. У страляніне загінуў гаспадар кватэры ды адзін з нападнікаў – супрацоўнік спецгрупы «А» КДБ Беларусі.
Праз некалькі гадзін пасля трагедыі, Камітэт дзяржаўнай бяспекі распаўсюдзіў заяву ды відэа з месца падзей.
«Падчас правядзення спецмерапрыемстваў па адпрацоўцы адрасоў, у якіх маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці, у адной з кватэр жылога дома па супрацоўнікам праваахоўных органаў быў адкрыты агонь са зброі на паражэнне. Асабліва небяспечны злачынец у выніку смяротна параніў супрацоўніка Камітэта дзяржбяспекі», - гаворыцца ў заяве КДБ, у якой сілавікі прадставілі сваю версію здарэння.
Аналіз выкладзеных сілавікамі матэрыялаў не зусім пацвярджае афіцыйную версію, перакананы падкамісар польскай паліцыі на пенсіі, шматгадовы аператыўнік атрада па барацьбе з тэрарызмам Дар'юш Ларанты.
- Калі паглядзець на справу па-за кантэкстам, што проста прыйшлі паліцэйскія не важна якой дзяржавы і хочуць затрымаць небяспечнага злачынцу. Як можна ацаніць іх працу ды тактыку? Абсалютна нездавальняюча, трагічна, горш няма куды. Яны абсалютна непадрыхтаваныя, не праведзена разведка, не ведаюць, што ў чалавека можа быць зброя. Яны прыйшлі ў кватэру да цывільнай асобы, а іх тактыка нагадвае дзеянні рэкеціраў, а не паліцыі ў свеце. Апроч памылак у тактыцы, з імі павінен быць мінімум адзін міліцыянер у форме. Які павінен папярэдзіць чалавека, што прыйшла менавіта паліцыя.
У паліцыі стасуецца і тактыка так званага «дынамічнага ўварвання», але яна інакш выглядае, тлумачыць эксперт.
- Дынамічнае ўварванне адбываецца праз выбіццё таранам дзвярэй, далей хуткае ўварванне ў памяшканне, куды перад тым закідваюць шумавую гранату, дзе дэзарыентацыі асоб у памяшканні. Тут такога не было. Можа быць іншая тактыка «павольнага ўваходу». Тады трэба прадставіцца, што мы з паліцыі. Гэта робіцца ва ўсім свеце, не толькі ў Польшчы, павінны быць паліцэйскія ў форме, каб чалавек мог пабачыць, што прыйшла паліцыя, што мы даём яму час, каб пазваніў у камісарыят, што мы не бандыты, каб чалавек супакоіўся і пераканаўся, што прыйшла паліцыя.
Што ж зрабілі беларускія сілавікі?
- Калі яны выбівалі дзверы і не ведалі, што ў чалавека ўнутры ёсць зброя, у іх павінна было быць нейкая прадуманая тактыка. Накшталт, я забягаю направа, ты налева і страхуем адзін аднаго. Да таго тут патрэбны шчыт на кулі, за якім хаваюцца паліцыянты. Тут гэтага не было, як і адсутнічала каардынацыя падчас самой акцыі. Што тычыцца чалавека ў кватэры, з таго, што бачна на фільме, ён мог папярэдзіць, што мае зброю. Плюс побач з ім знаходзіцца жонка ў пакоі. Калі паліцыя гэта бачыць, яны павінны адступіць і выклікаць перамоўніка, змяніць абсалютна тактыку дзеянняў.
У дадзеным выпадку дзейнічала не паліцыя, а спецгрупа «А» КДБ.
- Калі гэта дзеянні спецназу «Альфа» КДБ, то яны сведчаць пра іх трагічна кепскі ўзровень падрыхтоўкі, адсутнасць базавых навыкаў, сорам на ўвесь свет. Гледзячы на іх тактыку, абсалютна без ніякіх эмоцый, забываючы пра рэжым Лукашэнкі ды пратэсты людзей, толькі даючы халодную ацэнку фактаў, яны нагадвалі рэкеціраў, дэманструючы адсутнасць каардынацыі, абсалютную непадрыхтаванасць і адсутнасць навыкаў.
Што вы можаце сказаць пра паводзіны чалавека ў кватэры?
- Што тычыцца яго, відаць, што ён не ўсведамляе да канца, хто да яго ўрываецца. Мог падумаць, што гэта не міліцыя, а бандыты насланыя пад выглядам міліцыі. Звярніце, ён папярэджвае пра стрэл, апроч таго, ён быў у апошнім памяшканні. Каб ён хацеў нападаць, стаяў бы ў калідоры і страляў адтуль. Тут жа мы бачым першы калідор, з якога трэба павярнуць налева ў другі і толькі далей будзе той пакой. Гэта сведчанне, што чалавек хаваўся ад нападу. Калі б ён бараніўся, страляў бы ў іх тады, калі яны выламалі дзверы. То бок ён не быў упэўнены, хто гэта, сапраўды КДБ, ці бандыты, якія прыслаў рэжым. У фільме на частцы ёсць здымкі зробленыя ім самім. Гэта значыць, што ён спадзяваўся, што нешта кепскае можа здарыцца, але не быў упэўнены, то бок ён страхаваўся.
У некаторым сэнсе гэтыя словы эксперта пацвярджае той факт, што перад уварваннем кадэбістаў у цывільным Андрэй Зельцар званіў у міліцыю. Пра гэта заявіў у эфіры тэлеканалу «Белсат» прадстаўнік ініцыятывы ByPol Алег Талерчык. Пазней дзяржаўны тэлеканал СТС паведаміў пра два званкі ў міліцыю – загінулага Андрэя ды яго жонкі. Пасля прагляду фільму Дар'юш Ларанты перакананы, што ў апублікаваных запісах ёсць несупадзенні ды спроба маніпуляцыі інфармацыі.
- Можна казаць пра дзіўныя факты, якія выглядаюць як элементы містыфікацыі. Першае, фільм складаецца з розных кавалкаў, рознай якасці. Першы, з-за дзвярэй, сярэдняй якасці, але бачна, што здымалі прафесійнай апаратурай. Другі – дому, з-за спіны хлопца, бачна яго жонка, на ёй твары не відаць страху. Калі ўявіць, што яны чакаюць уварвання КДБ ці бандытаў, ейны выраз твару мусіць быць іншы. Думаю, што ўся акцыя не прыдуманая, бо тады б інакш паліцэйскія ўрываліся б у кватэру, але магчыма, што некаторыя фрагменты былі інсцэніраваныя ды фільмаваныя пазней. Пра гэта сведчыць шэраг момантаў. У першую чаргу адлегласць аператара ад акцыі. Ён занадта блізка, асабліва тады, калі страляюць. У нас паліцыя таксама здымае акцыі, але аператар так блізка не падыходзіць. Цяпер іншы момант, на першай секундзе другой хвіліны з'яўляецца жанчына, што вельмі дзіўна. Насупраць яе два паліцыянты з пісталетамі. Ва ўмовах бою яны б адразу да яе пачалі страляць, гэта мацнейшае за чалавека, тым больш, што побач ранены калега і не вядома, ці «злачынца» будзе яшчэ страляць. Тут жа мы бачым, што мужчыны не трымаюць палец на спускавым кручку. Калі б паліцэйскія былі пад абстрэлам, яны стралялі б у любы сілуэт, што мільгануў, паверце. Тут жа яны не страляюць у жанчыну.
Паказаны фільм сведчаць, што сітуацыя выклікае пытанні да паводзін сілавікоў, шмат дзіўных несупадзенняў. Ёсць магчымасць таго, што ў фільме ёсць моманты інсцэнізацыі, перакананы эксперт.
Больш сказаць на дадзены момант не магчыма, мусіць з'явіцца больш фактаў у дадзенай справе.
Юры Ліхтаровіч