Еўрапейскія СМІ аднадушна каментуюць: прызнанне Канстытуцыйным судом пад кіраўніцтвам Юліі Пшылэмбскай часткі Дагавора аб ЕЗ неканстытуцыйным азначае, што Польшча выходзіць з еўрапейскага прававога парадку і фактычна з'яўляецца юрыдычным польэксітам.
Gazeta Wyborcza цытуе каментары дадзенай сітуацыі, якія зʼявіліся ў Еўропе.
Брытанскі Guardian:«Гэта прававая рэвалюцыя» – каментуе выданню прафесар міжнароднага і еўрапейскага права Ратэрдамскага ўніверсітэту Эразмус Рэне Рэпазі. «Гэта праўда, што польскі ўрад падпарадкаваў сабе Канстытуцыйны суд, але ні адзін нацыянальны суд яшчэ не зрабіў такога вялікага кроку да законнага выхаду з ЕЗ», – сказаў прафесар.
Guardian адзначае, што «нягледзячы на апытанні, якія паказваюць, што больш за 80 працэнтаў палякаў падтрымліваюць сяброўства ў ЕЗ, польскі ўрад на чале з PiS уцягнуты ў працяглую і ўсё больш жорсткую серыю спрэчак з кіраўніцтвам ЕЗ».
BBC адзначае, што на фоне спрэчкі Варшавы з ЕЗ ёсць мільярды еўра для Польшчы. «Гэта рызыкоўны трук», – піша ВВС.
У сваю чаргу Associated Press сцвярджае, што рашэнне Канстытуцыйнага суда выклікала «гнеў у Бруселі» і, верагодна, яшчэ больш пашкодзіць складаным адносінам Польшчы з ЕЗ.
Дэвід Сасолі, прэзідэнт Еўрапейскага парламента, быў яшчэ больш рашучым. – Прысуд у Польшчы не можа застацца без наступстваў. Вяршэнства заканадаўства ЕЗ павінна быць бясспрэчным. Парушэнне яго азначае паставіць пад сумнеў адзін з фундаментальных прынцыпаў нашага Саюза, сказаў ён.
Die Welt піша: Канстытуцыйны суд Польшчы ставіць Еўрапейскі Звяз у цяжкае выпрабаванне. «Такім чынам Польшча дэманстратыўна адлучаецца ад еўрапейскага прававога парадку, адначасова не хоча пакідаць ЕЗ у палітычным сэнсе», – піша карэспандэнт Філіп Фрыц. »Цяпер Брусель павінен зрабіць свой крок«, – чакае Die Welt.
яс