Беларуская Служба

МЗС Польшчы іракцам: Не едзьце ў Беларусь, Лукашэнка хоча вас выкарыстаць

14.10.2021 09:03
Польскі палітык папярэдзіў іракцаў у інтэрв'ю парталу Rudaw, апублікаваным у іракскім Курдыстане.
Marcin Przydacz
Marcin PrzydaczPAP/Marcin Obara

«Няма абсалютна ніякіх шанцаў, што вы зможаце перасекчы беларуска-польскую мяжу. Вас інструментальна выкарыстоўвае рэжым Аляксандра Лукашэнкі, і вы апыняцеся ў лесе халоднай зімой »- такім чынам намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач (Marcin Przydacz) папярэдзіў іракцаў у інтэрв'ю парталу Rudaw, апублікаваным у іракскім Курдыстане, чытаем у інтэрнэтвыданні Dziennik.pl

Міністр сказаў, што калі жыхары Іраку ці Курдыстану хочуць падаць заяву на візу ў Еўрапейскі Саюз, падаць  яе трэба ў сваіх краінах.

«Няма шанцаў, што вы зможаце перасекчы мяжу ЕС з Беларусі. Вы трапіце ў пастку, вас пазбавяць дакументаў і грошай і адправяць зімой у лес», папярэдзіў міністр Пшыдач, папрасіўшы курдскага журналіста звярнуцца непасрэдна да людзей, якія плануюць дабрацца ў ЕС праз Беларусь.

Польскі палітык дадаў, што беларускія службы вельмі дрэнна ставяцца да мігрантаў, збіваюць іх, што пацвярджаецца шматлікімі відэа і фота, размешчанымі ў сацыяльных сетках.

Пшыдач адзначыў, што пераважная большасць спробаў незаконнага пераезду з Беларусі ў Польшчу сарваная і мігранты загразаюць па беларускім баку. Ён дадаў, што польская мяжа вельмі добра ахоўваецца і папярэдзіў, што ў нашай частцы Еўропы набліжаецца зіма з марозам мінус 20, 30 градусаў Цэльсія.

Марцін Пшыдач сказаў, што тых, хто пранік нелегальна праз беларуска-польскую мяжу (а іх каля аднаго працэнта з усіх спробаў) накіроўваюць у цэнтры мігрантаў і адпраўляюць назад у краіны іх паходжання.

«На мой погляд, плаціць некалькі тысяч долараў, каб правесці некалькі дзён у Беларусі, а потым з Польшчы вяртацца назад у Ірак, не так ужо цікава», – ацаніў прадстаўнік МЗС Польшчы Марцін Пшыдач у інтэрвʼю парталу Rudaw ірацкага Курдыстану.

яс