Беларуская Служба

Жарын: Беларусь перастае спраўляцца з мігрантамі, якіх сама «запрасіла»

15.10.2021 11:09
Пакуль аднак нельга казаць пра сістэмныя змены ў міграцыйнай палітыцы Беларусі, лічыць прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў.
Stanisław Żaryn w studiu radiowej Jedynki
Stanisław Żaryn w studiu radiowej JedynkiPolskie Radio

З Беларусі паступаюць сігналы пра тое, што рэжым спрабуе кантраляваць міграцыйныя шляхі, магчыма таму, што ён сам перастае спраўляцца з мігрантамі. Аднак пакуль рана рабіць выснову, што Беларусь мяняе сваю палітыку ў дачыненні да мігрантаў, сказаў у інтэрв'ю польскаму агенцтву друку PAP прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў у Польшчы Станіслаў Жарын.

У чацвер ён напісаў у Твітары, што «Беларусь пачала дэпартацыю мігрантаў, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння віз». Пакуль гэта тычыцца інфармацыі аб групе з некалькіх дзясяткаў грамадзян Лівана і Сірыі, якіх адправілі з аэрапорта ў Мінску ў краіны паходжання.

Паводле Жарына, гэта адзін з сігналаў, які сведчыць пра тое, што Беларусь спрабуе захаваць кантроль над міграцыйнымі шляхамі. Гэта, паводле яго, можа быць доказам таго, што краіна перастае спраўляцца з мігрантамі, якіх сама «запрасіла». Пра гэта, паводле эксперта, могуць сведчыць таксама інфармацыі аб прыпыненні рэйсаў паміж Іракам і Беларуссю або аб цяжкасцях у атрыманні мігрантамі беларускіх віз.

«Пакуль у нас занадта мала дадзеных, каб больш адназначна інтэрпрэтаваць гэтыя рашэнні. Мы, безумоўна, маем справу з канкрэтнай сітуацыяй. Мы паглядзім, што будзе далей(…) Ніякага масавага руху пакуль мы не выявілі», – сказаў Жарын.

Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў у Польшчы дадаў, што «гэта яшчэ не сігналы, якія могуць паказваць на спыненне ўсяго працэсу міграцыі».

Нагадваем, з-за міграцыйнага ціску з 2 верасня ў памежнай зоне з Беларуссю дзейнічае надзвычайнае становішча. Яно датычыць 183 населеных пунктаў у Падляшскім і Люблінскім ваяводствах.

PAP/аз