Беларуская Служба

Палітычны аглядальнік Ягор Лебядок: Актыўнае супрацьдзеянне развязванню міграцыйнага крызіса — правільная рэгіянальная тактыка

20.10.2021 16:06
Гэта і сімвалічны адказ Лукашэнку, што такімі дзеяннямі «не нахіліць», як Лукашэнка любіць выказвацца, Літву і Польшчу.
Аўдыё
Ягор ЛебядокФота з прыватнага архіву

Еўрапейскія краіны, Літва Польшча, занялі пазіцыю актыўнага супрацьдзеяння перапраўцы мігрантаў праз Беларусь. І гэтая тактыка абярнула праблему, якую Лукашэнка хацеў стварыць для Еўрасаюза, супраць яго самога, бо патрэбныя рэсурсы для кантролю за сітуацыяй, узнікае сацыяльнае напружанне ў гарадах, дзе часова знаходзяцца людзі, якія нелегальна едуць транзітам у Еўрасаюз.

Сітуацыя выклікае шмат пытанняў: этычных, гуманітарных, палітычных пра гэта мы размаўляем з палітычным аглядальнікам Ягорам Лебядком.

"Гэтых людзей усё больш у Мінску і райцэнтрах. Гэтая плынь выходзіць з-пад кантролю, стварае пэўныя пагрозы – магчымыя напады, крадзяжы. Вядома, што з’явілася шмат прапаноў па перавозцы людзей праз асабістыя кантакты, не праз турфірмы. Гэта выходзіць з-пад кантролю МУС і становіцца для Лукашэнкі і яго каманды, для яго гэта праблема нарастаючая. Канешне, усе чакаюць, што з прыходам зімы гэтая сітуацыя сама вырашыцца. Лукашэнка можа хутка гэта спыніць адміністратыўным метадам, напрыклад, прыбярэ бязвізавы ўезд. Але ён страціць свой твар моцнага лідара. Таму будуць лакальныя захады – абмежаванні на выдачу віз у аэрапорце, затрыманні людзей без дакументаў. Гэта праблема, з якой яны мусяць лічыцца і неяк яе вырашаць, я маю на ўвазе Лукашэнку і яго акружэнне", — гаворыць эксперт.

Палітычны аглядальнік Ягора Лебядок мяркуе, што гэта была ідэя выключна ўладаў Беларусі. Яны ацанілі, як на Еўрасаюз ціснула сітуацыя з дзясяткамі тысяч мігрантаў з Сірыі ў 2015-2016 гадах. Памятаюць і досвед, калі праз Брэст у Еўрасаюз ехалі ўцекачы з Чачні. І сітуацыя дазваляла прасіць у ЕС грошы на памежную інфраструктуру.

Агулам мэта падобных штучных крызісаў — унесці разлад і сацыяльную напружанасць. Каб найперш рэгіёны, якія сутыкаюцца з мігрантамі, пачалі выказваць незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Змагацца з крызісам можна па-рознаму: забаронамі, будаваць кіламетровыя платы, выштурхоўваць, гуманітарным размеркаваннем. У ідэале гэта мусіць вырашацца комплексам мер. Але ў выпадку з рэжымам Лукашэнкі актыўнае супрацьдзеянне Ягор Лебядок лічыць правільнай стратэгіяй:

— Але паколькі Лукашэнка выкарыстаў квазісілавы варыянт ціску, то і адзіна правільны адказ яму быў – забарона перахода, выштурхоўванне назад. Спрацавала. Калі б заняліся размеркаваннем мігрантаў, гэта б толькі нарастала. І была б такая ж незадаволенасць, як у Літве, дзе пачалі ствараць лагеры для ўцекачоў. А гэтая тактыка паказала  супрацьдзейнічаць.

Калі казаць пра гуманітарны складнік, то гэта бяда і трагедыя, так. Можна было гэта вырашыць размеркаваннем мігрантаў па краінах ЕС. 10 000 людзей не так шмат для ўсёй Еўропы, але гэты падыход з выцісканнем людзей з мяжы меў эфект палітычнага перадухілення лавінападобнай хвалі міграцыі.

Таксама гэта сімвалічны адказ Лукашэнку, што такімі дзеяннямі «не нахіліць», як сам Лукашэнка любіць выказвацца, Літву і Польшчу.


Што тычыцца маральнай адказнасці, то многія ведаюць, з чым могуць сутыкнуцца. Хаця, ёсць сапраўды ахвяры чорных палітычных гульняў. Аднак, калі казаць пра рэгіянальную палітыку, то яна мусіць быць менавіта такой – бескампраміснай.

"Сёння ўступка, а заўтра дзве будзе. Гэта стандартная тактыка, якой карыстаюцца дваровыя хуліганы. І наступным этапам будзе яшчэ большы прэсінг. Таму толькі актыўнае супрацьдзеянне — нічога іншага і не застаецца ў прынцыпе", — кажа пра тактыку ЕС палітычны аглядальнік Ягор Лебядок.

На днях стала вядома, што Германія накіруе ў Польшчу памежнікаў, каб дапамагчы краіне справіцца з наплывам бежанцаў, пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Германіі.

Таксама ўрад Германіі мае намер абмеркаваць дадатковыя абмежаванні на польска-нямецкай мяжы з-за міграцыі з Беларусі. Да канца ліпеня мігрантаў, якія траплялі ў Германію праз Польшчу, было менш за 200. У жніўні ўжо 500, у верасні 2000. і столькі ж з'явілася ў першай палове кастрычніка. Колькасць людзей, якія не маюць належных дакументаў і ўязджаюць у Германію з Польшчы, рэзка расце.

вх