У выданні Polska. Times.pl інтэрв’ю з палітолагам Рафалам Хведаруком. Гаворка ідзе пра настроі палякаў, іх стаўленне да патэнцыйнага выхаду краіны з Еўрапейскага Саюзу і адносіны да мігрантаў. Апазіцыя ў Польшчы ўсё часцей кажа, што кіроўная партыя намерана вывесці дзяржаву з ЕС. Эксперт адзначае, што такая гульня апазіцыі неэфектыўная, паколькі палякі з вялікім энтузіязмам ставяцца да Еўрапейскага Саюзу і абсалютна не жадаюць, каб іх дзяржава пакінула супольнасць. А сам выраз Polexit (выхад Польшчы з ЕС, па аналогіі з Brexit – выхад Вялікабрытаніі з супольнасці) на гэты працэс ніякім чынам не ўплывае. Польшча вельмі моцна звязана ў эканамічным плане з Заходняй Еўропай, з Германіяй, польскія працаўнікі проста неабходныя на заходніх рынках. Так што нават калі б нехта вельмі хацеў вывесці краіну з ЕС, гэта практычна немагчыма, – кажа палітолаг.
Хведарук разважае таксама пра міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы. У складаныя часы гэты крызіс дазволіў польскай кіроўнай партыі не толькі захаваць падтрымку жыхароў, але нават павысіць папулярнасць. Справа ў тым, што палякі адчуваюць вострую патрэбнасць у бяспецы, а нелегальныя мігранты гэтае пачуццё бяспекі разбураюць.
Выбарцы кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» даволі аднагалосныя па гэтым пытанні – яны не жадаюць упускаць у краіну мігрантаў. У сваю чаргу прыхільнікі апазіцыйных партый ставяцца да справы па-рознаму, таму і апазіцыі цяжка выпрацаваць адзіную пазіцыю, каб адказаць на чаканні сваіх выбарцаў – адзначае палітолаг Рафал Хведарук.
Polska. Times/нг