Са свайго боку Крэмль заявіў, што не выключае самых розных варыянтаў. Якія праблемы Мінска ды Масквы можа вырашыць ядзерная зброя ў Беларусі? Ці наадварот створыць новыя? Пра гэта мы запыталіся ў незалежных экспертаў.
Лукашэнка заявіў нядаўна, што Беларусь можа звярнуцца да Расіі з просьбай размясціць на нашай тэрыторыі ядзерную зброю, наракаючы, што непатрэбна тая зброя была выведзеная з Беларусі.
Таксама кіраўнік лукашэнкаўскага МЗС Уладзімір Макей зазначыў, што ядзернае ўзбраенне на тэрыторыі Беларусі - гэта адзін з магчымых адказаў на будучыя магчымыя дзеянні з боку Паўночнаатлантычнага альянсу на тэрыторыі Польшчы. Таксама Крэмль заявіў, што ў выпадку, калі НАТА размесціць ядзерную зброю каля мяжы Расіі, Масква прыме меры для «балансавання» сітуацыі. Пуцінскі прэсавы сакратар Дзмітрый Пяскоў сказаў, што магчымыя самыя розныя варыянты што да магчымасці размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Найхутчэй у Беларусі магла б з’явіцца тактычная ядзерная зброя, зазначае палітолаг Андрэй Казакевіч з Цэнтры палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”.
- Хутчэй за ўсё тут можа быць такі сцэнар, што на тэрыторыі Беларусі з’явіцца расійская тактычная ядзерная зброя, альбо будзе ваенная база. На маю думку, не вядзецца размовы пра тое, каб будаваць шахты, ракетныя комплексы. Гэта занадта блізка да мяжы і кепска са стратэгічная пункту гледжання. Пужаць можна толькі размяшчэннем тактычнай зброі. Пры гэтым ніхто ў ніякім выпадку не аддасць зброю пад кантроль Лукашэнкі. Да таго ж наяўнасць такой зброі – гэта дарагое задавальненне. Сумнеўна, каб Беларусь змагла яе ўтрымаць.
Ядзерная зброя Беларусі не патрэбная, яна не вырашае аніякіх актуальных для беларускага грамадства праблем, за выключэннем праблем Лукашэнкі, кажа былы дыпламат і старэйшы аналітык Цэнтру Новых ідэй Павал Мацукевіч.
- Наяўнасць гэтай зброі ў Беларусі ніякіх ваенных задач не вырашае, а наадварот толькі стварае праблемы. Наяўнасць такой зброі робіць Беларусь мішэнню для ўдару патэнцыйнага праціўніка, каб нейтралізаваць ядзерную зброю. Зусім іншае бачанне сітуацыі ў Лукашэнкі. Для яго гэта важкі аргумент, які павялічвае яго значнасць, як і ўсяго таго, што ён гаворыць і думае. Я пакуль не бачу рэальных перадумоў да такога кроку, але нічога не выключаю. У Лукашэнкі заўсёды, калі ён мае тэхнічную магчымасць выканання, пагрозы не ёсць блефам.
У рэальнасць з’яўлення ядзернай зброі ў Беларусі не верыць і аналітык Chatham House Рыгор Астапеня. Заявы Лукашэнкі ды Крамля – гэта павышэнне ставак у адносінах з Захадам.
- Наколькі гэта імаверна? Па-першае, гэта не зробіш адразу, тут патрэбна інфраструктура, падрыхтоўка. Гэта складаны працэс, не прывязеш ядзерныя ракеты і не паставіш іх дзесці там. Для рэпутацыі Беларусі – гэта будзе моцны ўдар, які толькі пацвердзіць папулярны на Захадзе тэзіс пра Лукашэнку - марыянетку Пуціна. Таму Лукашэнка проста спрабуе падняць стаўкі. Для самой Расіі – гэта ў першую чаргу магчымасць паказаць, што мы можам у адносінах з Захадам. Тым больш, што гэта прыпала на момант новага абвастрэння ў адносінах з Захадам. Для Крамля – гэта магчымасць пайграць мускуламі, каб узмацніць свае перамоўныя пазіцыі ў размовах з Байдэнам.
Рэжым Лукашэнкі марыць пра ядзерную зброю. Узурпатар у чарговы раз пашкадаваў, што з Беларусі вывелі зброю ў 1990 і не выключыў звароту да Расіі, каб ядзерную зброю вярнуць. Масква не кажа не, але заяўляе, што гэта будзе выключна ў выпадку, калі амерыканская ядзерная зброя з’явіцца на расійскіх межах. На дадзены момант няма рэальных планаў, вядзецца ў першую чаргу інфармацыйная кампанія ціску на Захад, перакананыя эксперты.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч