Беларусь і беларусы у складанай сітуацыі – дзяржава ўцягнутая ў вайну, краіна ўжо два гады жыве ва ўмовах татальных рэпрэсій, але беларусам закідваюць віну за падзеі, што ідуць цяпер. Што адбываецца з грамадствам, як людзі ацэньваюць Расію і яе дзеянні, ці паўплывала гэта на грамадскую думку? Гэтыя пытанні абмяркоўвалі падчас публічнай дыскусіі ў Варшаве з удзелам сацыёлага, кіраўніка «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэя Вардамацкага, журналіста медыя Rzeczpospolita Руслана Шошына, а таксама актывіста расійскай дыяспары ў Польшчы Вадзіма Лашчэніна.
Дыскусія адбывалася ў час, калі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з Уладзімірам Пуціным у Расіі на касмадроме.
– Вайна, канешне, памяняла ролі і Пуціна, і Лукашэнкі. І ў свеце, і ўнутры сваіх краін. Цяпер гэта сустрэча двух дыктатараў, якія ўцягнуліся ў жудасную авантуру, выхаду з якой няма. Думаю, яны абодва думаюць, чым гэта для іх скончыцца. І баюся, што яны адказу не ведаюць на гэта пытанне, – гаворыць журналіст Руслан Шошын. – Я глыбока сумняюся, што Расія выведзе войскі з тэрыторыі Беларусі. Думаю, гэта надоўга. Цяпер гэта будзе проста ратацыя войскаў, а беларуская тэрыторыя будзе трактавацца, як палігон Расіі. Калі будзе трэба на палітычныя і мілітарныя патрэбы, то войскі ўвядуць, трэба паказаць, што нейкае адступленне, выведуць. Але фундаментальна, думаю, пасля 24-га лютага беларусы не будуць нічога ведаць і хто кантралюе сітуацыю. Беларусь становіцца палігонам расійскіх інтарэсаў.
Вадзім Лашчэнін, актывіст расійскай дыяспары ў Польшчы, мяркуе, што галоўным момантам быў 2020 год, калі Пуцін падтрымаў дыктатуру, якая валілася з ног:
– Тут недаацэньваецца, якія саступкі маглі быць зробленыя тады. І гэтыя наступствы, якія маем – ваенны напад на тэрыторыю Украіны з тэрыторыі Беларусі. Цалкам магчыма, гэта маем з падзеямі 2020 года шмат агульнага.
Мне падаецца, што пуцін разглядаў такі варыянт яшчэ ў 2014 годзе. Але, магчыма, на той момант не было тэхнічных, вайсковых рэсурсаў, і ў тым ліку не было, відаць, рашэння Лукашэнкі, каб ва ўсім гэтым удзельнічаць. У 2014 годзе Лукашэнка быў добрым «бацькам», ведаю, што вы не любіце, калі яго так называюць. У яго было жаданне рабіць выгляд, што ён назіральнік, міратворац.
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі дзеліцца вынікамі шматгадовых назіранняў за сімпатыямі беларусаў да ўсходняга і заходняга вектараў:
– Першае, бівектарнасць беларускай геапалітычнай свядомасці. І туды, і туды аднолькавы працэнт, крыху больш за 40 працэнтаў. І другое, было шмат такіх момантаў, калі адбываліся змены арыентацыі або на Расію, або на Еўропу хутка, літаральна цягам аднаго месяца. Гэта працэсы станаўлення ідэнтычнасці. Можна параўнаць з геапалітычным стаўленнем у Польшчы, што тычыцца NATO. Толькі адзін раз адбыўся рэзкі зрух у бок павелічэння прыхільнасці – у 2014 годзе, калі быў анексаваны Расіяй Крым.
Што тычыцца ўваходу ў склад Расіі, гэта лічба заўсёды прыкладна аднолькавая. Пэўная геапалітычная канстанта. Другая канстанта тычыцца адносінаў да NATO.
– Формула беларускай геапалітычнай свядомасці, што тычыцца ўваходу ў склад Расіі, выглядае так: супрацоўніцтва так, уваход у склад Расіі – не. Часта пытаюцца, якая матывацыя ўзаемаадносінаў з Расіяй і якая матывацыя ў тых, хто арыентуецца на Еўропу. Калі браць Расію, то дамінантай ёсць матывацыя, якая гучыць так « у нас агульныя славянскія каштоўнасці». То бок каштоўнасная сувязь. У матывацыі топавых беларускіх чыноўнікаў Расія – гэта крыніца нечага матэрыяльнага, а ў масавай свядомасці ўсё інакш. Сувязь каштоўнасная. Таксама тут шмат псіхалагічных механізмаў: нашы не нашы, ірацыянальныя рэчы. Таксама цікавы механізм пераўтварэння еўрапейскага добрага ў чужое для нас. Рэспандэнт расказвае, што ў Еўропе ўсё так добра: фіксаваны графік працы, чыстыя вуліцы, крамы зіхацяць. І я пытаюся, дык якая ваша арыентацыя? Я ўсё ж за Расію. Яно ўсё выдатна, але чужое нам. Матывацыйныя структуры ў людзей наўпрост перавернутыя, калі гаварыць пра Расію і Еўропу, – расказвае Андрэй Вардамацкі, кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні».
Сацыёлаг Вардамацкі падкрэслівае, што, нават нягледзячы на вайну Расіі супраць Украіны, у свядомасці беларусаў пакуль не адбылося масавага пералому ў стаўленні да расіян. Сацыёлаг мяркуе, што можа быць два варыянты развіцця сітуацыі: абвал пазітыўнага стаўлення да Расіі праз негатыўную ацэнку нейкіх канкрэтных дзеянняў Расіі, што паўплывае на агульныя настроі. Магчымы і другі варыянт: пэўная крышталізацыя настрояў тых людзей, якія настроеныя на Еўропу і павелічэнне колькасці прыхільнікаў еўрапейскага шляху. Але можа быць і адваротны працэс: прыняцце «рускага міру».
Вось што гаворыць пра стаўленне расіян да беларусаў актывіст расійскай дыяспары ў Польшчы Вадзім Лашчэнін:
– Я больш чым упэўнены, што большасць расіян разглядаюць беларусаў як брацкі народ. Абсалютна шчыра. Іншая справа, што яны ў гэта ўкладаюць. Як і ў выпадку з Украінай. Украінскі народ таксама разглядалі як брацкі, але ў кантэксце, што Украіна мусіць быць любой цаной у складзе «рускага міру». Я назіраў вялікую салідарнасць расійскай апазіцыі з беларускім грамадствам у 2020 годзе. Калі ў Беларусі затрымлівалі, саджалі блогераў і ўвогуле страшныя рэчы адбываліся з беларускімі журналістамі, блогерамі. Гэтую функцыю – апавяшчаць – бралі на сябе расійскія блогеры.
Журналіст Руслан Шошын нагадвае, што вялікая праблема для беларусаў – немагчымасць рэальнага ўплыву на палітыку дзяржавы. Мільёны людзей шмат гадоў пазбаўленыя суб’ектнасці:
– Беларусы не маюць уплыву на палітыку, стасункі з Расіяй ці Еўропай, усё залежыць ад аднаго чалавека і адной сістэмы. Усё, што беларусы могуць зрабіць, гэта выехаць за мяжу. Бачым, цяпер выехала 250 тысяч чалавек. Гэта іх грамадзянская пазіцыя. Усё! далей усё робіцца над іх галовамі. Калі гаварыць пра беларуска-расійскія адносіны, то гэта таксама эфект навязанай палітыкі.
Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі кажа, што беларускае грамадства зрабіла вялікі рывок у бок негатыўнай ацэнкі эканамічнай сітуацыі ў Краіне, бо людзі гэта на сабе адчуваюць. А да ацэнкі падзей ва Украіне пакуль ставяцца стрымана, бо непасрэдна беларусаў гэта мала закранула. Гэта не ўспрымаецца людзьмі як абсалютнае зло, бо яны не бачылі гэта ў дзеянні. Людзі ў Еўропе жывуць у іншым медыяполі, чым у Беларусі і Расіі.
Журналіст Руслан Шошын падкрэслівае, што ўплыў агрэсіўнай прапаганды моцна сказіў свядомасць людзей.
– Па сутнасці, мы маем рэжымы, якія столькі людзям намяшалі і накруцілі ў галовах, што яны не разумеюць, дзе праўда, а дзе фальш. Расіяне ўжо не памятаюць, як жылі ў 1990-ыя, памятаюць, але прапаганда пераканала, што гэта было найбольшае зло. У Лукашэнкі ідэнтычная сітуацыя, спытайце людзей! Ніколі гэтыя гады не былі прадметам дыскусіі, не згадваліся і сёння проста зніклі ў свядомасці людзей. Людзі засталіся з тым, што ім 25 гадоў па тэлевізару паказвалі. На шчасце, у Беларусі здарыліся гэтыя падзеі (2020-га года, – Рэд.), з'явіўся Тэлеграм і яны хоць пачалі там нешта глядзець і чытаць. Мне падаецца, у Расіі Навальны зрабіў сваю справу. Чаму такая агрэсіўная барацьба з сацыяльнымі, грамадскімі медыя? Гэта ўсё ў колерах Оруэла.
Дыскусію ў Варшаве арганізаваў Беларускі моладзевы хаб.