Расійскія дыверсанты планавалі ў Польшчы падрываць цягнікі са зброяй і гуманітарнай дапамогай для Украіны, піша Gazeta Polska. Нацыянальная пракуратура і Агенцтва ўнутранай бяспекі сумесна з Люблінскім аддзяленнем Нацыянальнай пракуратуры ліквідавалі найбуйнейшую ў гісторыі расійскую сетку разведкі.
Агулам з сакавіка па ліпень па абвінавачанні ў шпіянажы ў карысць расійскай ваеннай разведкі (ГРУ) былі затрыманыя 15 чалавек. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Гэта грамадзяне Беларусі, Украіны і Расіі. Пра затрыманне 15-га ўдзельніка шпіёнскай сеткі партал tvp.info паведаміў некалькі дзён таму. Паводле высноваў выдання, дыверсанты атрымлівалі заданні непасрэдна з Масквы. Пасля іх выканання ім плацілі ганарар у крыптавалюце (пераважна ў біткойнах).
Члены шпіёнскай сеткі на замову расіян быццам бы не толькі збіралі інфармацыю, рабілі здымкі ваенных і грамадзянскіх аб'ектаў, распальвалі антыўкраінскія і антынатаўскія настроі, але і рыхтавалі дыверсійныя дзеянні. Судовая справа налічвае 66 тамоў, у іх ёсць інфармацыя, якая сведчыць аб тым, што яны планавалі падарваць эшалоны са зброяй і гуманітарнай дапамогай для Украіны. «Таму першыя затрыманні адбыліся хутка. Рызыка нападаў была занадта вялікая, каб працягваць назіранне за групай», – сказаў газеце чалавек, знаёмы са справай.
Шпіёнская сетка была створаная на пачатку гэтага года.
нг