Беларуская Служба

Віцэ-прэмʼер Украіны Ірына Верашчук: Шлях да перамогі будзе доўгім і цяжкім

17.08.2023 12:26
З-за выказванняў некаторых палітыкаў, якія абяцалі хуткі поспех і нават вяртанне Крыму, спадзяванні былі занадта вялікія.
Вайна ва Украінеt.me/V_Zelenskiy_official

Rzeczpospolita разважае, як і калі скончыцца вайна ва Украіне. Выданне прыводзіць нядаўняе выказванне кіраўніка канцылярыі НАТА Стыяна Енсэна, які мяркуе, што Украіна можа не вярнуць сабе акупаваныя тэрыторыі. «Я думаю, што адным з рашэнняў можа быць адмова Украіны ад некаторых тэрыторый і ўступленне ў НАТА», – заявіў ён. На заявы чыноўніка НАТА адрэагавалі ўжо ва Украіне. Палітыкі ў Кіеве аднадушна прапануюць прадстаўнікам НАТА засяродзіцца на пастаўках зброі ва Украіну, а не прапаноўваць «дрэнны мір». Між тым мясцовыя эксперты не выключаюць, што неўзабаве могуць пачацца сакрэтныя міжнародныя кансультацыі аб правілах завяршэння вайны.

«Сцэнар, прапанаваны прадстаўніком НАТА, нерэальны. Грамадства ўспрыняло б такі крок украінскага прэзідэнта як дзяржаўную здраду», – кажа ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка. На ягоную думку, у канцы гэтага года або ў пачатку наступнага могуць пачацца неафіцыйныя перамовы аб спыненні вайны. Фясенка падкрэслівае, што вайна скончыцца на нейкай лініі фронту, «калі канфлікт зацягнецца і будзе відавочна, што ні адзін з бакоў не зможа змяніць сітуацыю ў сваю карысць. Калі не зменіцца кіраўніцтва ў ЗША ці Расіі».

Тым часам украінскі контрнаступ працягваецца, але не так хутка, як хацелася б. У Кіеве прызнаюць, што з-за выказванняў некаторых украінскіх палітыкаў, якія абяцалі хуткі поспех і нават вяртанне Крыму, спадзяванні былі занадта вялікія.

Украіна павінна рыхтавацца да доўгай і цяжкай вайны з Расіяй, каб у ёй выйграць, заявіла віцэ-прэмʼер Ірына Верашчук. «Шлях да перамогі будзе доўгім і цяжкім. Казаць, што гэта будзе два-тры тыдні, да канца года ці наступнай вясной, будзе няпраўдай. Трэба рыхтавацца да доўгай і цяжкай вайны. І толькі тады мы пераможам», – напісала яна ў адной з сацыяльных сетак.

нг