Беларуская Служба

У польскім Любліне праходзіць Кангрэс транспамежнага супрацоўніцтва

09.10.2023 18:53
Да 2020 года, калі рэжым Лукашэнкі жорстка падавіў мірныя пратэсты беларусаў, і пазней, калі ў краіне пачала дзейнічаць сталінская сістэма рэпрэсій, Беларусь была паўнапраўным удзельнікам люблінскіх мерапрыемстваў.
Аўдыё
  • У польскім Любліне праходзіць Кангрэс транспамежнага супрацоўніцтва
Панарама Любліна Shutterstock/ArtMediaFactory

У польскім Любліне праходзіць Кангрэс транспамежнага супрацоўніцтва. Яго гісторыя сягае 2011 года. З таго часу мерапрыемства прайшло эвалюцыю і стала форумам, на якім шырока абмяркоўваюцца тэмы транспамежнай супрацы ў розных галінах грамадскага жыцця.

Месцам правядзення кангрэсу Люблін выбраны невыпадкова, таму што гэты ўсходнепольскі горад размешчаны недалёка ад мяжы з Беларуссю і Украінай. Менавіта тут у 2011 годзе адбыўся першы Кангрэс культуры Усходняга партнёрства. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі гарадскія ўлады і самакіраванне Люблінскага ваяводства. Пазней праходзілі іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя транспамежнаму супрацоўніцтву, а ў 2020 годзе форум атрымаў сённяшнюю назву, пашырыўшы тэматыку галін, якія закранаюцца на сустрэчы.

Да 2020 года, калі рэжым Лукашэнкі жорстка падавіў мірныя пратэсты беларусаў, і пазней, калі ў краіне пачала дзейнічаць сталінская сістэма рэпрэсій, Беларусь была паўнапраўным удзельнікам люблінскіх мерапрыемстваў. Прадстаўнікі ўлад, грамадзянскай супольнасці і апазіцыі заўсёды прысутнічалі на форумах у Любліне. Так, у 2014 годзе была падпісаная дэкларацыя аб супрацоўніцтве паміж Люблінам і 10 гарадамі Беларусі, Грузіі і Украіны. Тады ж была замацаваная подпісамі стратэгія развіцця транспамежнага супрацоўніцтва паміж Люблінскім ваяводствам Польшчы, Валынскай і Львоўскай абласцямі Украіны і Брэсцкай вобласцю Беларусі. Падзеі 2020 года і падтрымка рэжымам Лукашэнкі расійскай агрэсіі перакрэслілі ўдзел Беларусі ў люблінскім кангрэсе.

У гэтым годзе на кангрэсе закранаюцца шматлікія тэмы: пытанні моладзі, развіцця турызму, міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва Любліна і інш. Шмат месца прысвечана Украіне, што з’яўляецца відавочным. Так, удзельнікі кангрэсу размаўлялі пра ўкраінскую міграцыю ў Польшчу. Мы папрасілі параўнаць міграцыю ўкраінцаў да пачатку нападзення Расіі і пасля яго прафесара Варшаўскага ўніверсітэту Мацея Душчыка.

- Напэўна пасля 2014 года міграцыя ўкраінцаў у Польшчу мела эканамічны характар. Польшча адкрыла рынак працы для ўкраінцаў, адмяніла шматлікія бар’еры ў працаўладкаванні. Да расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, па дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, у краіне пражываў 1 млн 300 тыс. украінцаў. Шматлікія ўкраінцы, асабліва жанчыны, у якіх засталіся дзеці ва Украіне, вярнуліся на радзіму, але пазней многія ўжо з дзецьмі вярнуліся назад у Польшчу. Ва Украіну вярнулася таксама частка мужчын.

Пасля нападзення Расіі на Украіну ў Польшчы знаходзіліся 2 млн украінскіх грамадзян, сярод іх 1 млн – гэта людзі, якія жылі ў Польшчы да пачатку вайны. Чарговы 1 млн – гэта перш за ўсё жанчыны з дзецьмі, ваенныя бежанкі.

Пра моладзевыя рухі ва ўкраінскім Цярнопалі пасля пачатку вайны нам расказала Хрысціна Бялінская – начальнік Упраўлення сям’і, маладзёвай палітыкі і аховы дзяцей Цярнопальскай гарадской рады. Яна звярнула ўвагу на тое, што пасля расійскага ўварвання шматлікія маладыя людзі арганізавалі дапамогу і валанцёрскую службу.

- Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну моладзь нашага горада аб’ядналася і стварыла валанцёрскія штабы ды групы, якія пачалі дапамагаць і вайскоўцам, і мірным жыхарам. Так, пры Цэнтры навукі Цярнопаля быў створаны вялікі валанцёрскі штаб, у якім першапачаткова дапамогай займалася 300 маладзёнаў. Наша моладзь актыўная, яна ведае, чаго хоча – і гэта вельмі важна.

Кангрэс транспамежнага супрацоўніцтва ў Любліне працягнецца да 11 кастрычніка. Сёлетняе мерапрыемства арганізаванае горадам Люблінам пад патранатам Еўрапейскай камісіі і фінансавай падтрымцы дзяржаўных фондаў развіцця Ісландыі, Ліхтэнштэйна і Нарвегіі. Інфармацыйную падтрымку забяспечвае Польскае радыё і, у прыватнасці, Канал замежнага вяшчання Польскага радыё.

мк/вс

слухайце аўдыёфайл