Учора прэзідэнт Анджэй Дуда прызначыў на пасаду начальніка Генеральнага штаба Войска Польскага генерала зброі Веслава Кукулу, а на пасаду аператыўнага камандуючага Узброенымі сіламі – дывізіённага генерала Мацея Кліша. Гэта адбылося пасля таго, як начальнік Генеральнага штаба Войска Польскага генерал Раймунд Анджэйчак і аператыўны камандуючы Узброенымі сіламі генерал зброі Тамаш Пятроўскі падалі ў адстаўку.
Цырымонія адбылася ў Прэзідэнцкім палацы. Прэзідэнт Анджэй Дуда папярэдзіў новапрызначаных камандзіраў, што іх чакае надзвычай адказная і складаная задача:
- Побач, за нашай мяжой працягваецца вайна, выклікана расійскай агрэсіяй. Мы аказваем падтрымку. У гэтым часе было некалькі складаных момантаў. Мы ведаем, што трэба мець сталёвыя нервы, несці вялікую адказнасць і прымаць рашэнні вельмі асцярожна. Адначасова, беручы пад увагу бяспеку суайчыннікаў, трэба быць гнуткім і разумным.
Прэзідэнт Анджэй Дуда выказаў перакананне, што новапрызначаныя начальнікі выдатна справяцца з даручанай ім задачай, а таксама падзякаваў генералам за задачы, якія яны выконвалі дагэтуль – у тым ліку стварэнне Войскаў тэрытарыяльнай абароны і эвакуацыю польскіх грамадзян з Ізраіля.
Генералы, якія падалі ў адстаўку не каментуюць справы ў адрозненне ад апазіцыйных супернікаў. Справу ўскладняе факт, што ў Польшчы працягваецца выбарчая кампанія, перад выбарамі ў парламент, якія адбудуцца 15 кастрычніка.
Сярод прычын адстаўкі генералаў Анджэйчака і Пятроўскага неафіцыйна называецца нязгода з рашэннямі кіраўніцтва Мінабароны і спроба ўцягвання арміі ў палітыку.
Гэта вельмі сур’ёзная змена якую заўважаць у свеце, заявіў у інтэрв’ю TVN24 былы міністр нацыянальнай абароны Тамаш Сямоняк (Tomasz Siemoniak) з апазіцыйнай «Грамадзянскай платформы»:
- Гэта вельмі сур’ёзная справа, якая будзе заўважаная ў свеце. Гэта не здзіўляе, паколькі такія рэчы не з’яўляюцца штодзённай практыкай. Больш за тое, у дэмакратычных краінах, членах НАТА строга прытрымліваюцца, каб змены на найважнейшых пасадах у арміі былі ў пераемнасці.
У сваю чаргу былы прэм’ер і лідар апазіцыйнай «Грамадзянскай платформы» Дональд Туск выступіў з заявай, у якой паведаміў, што атрымаў інфармацыю аб адстаўцы яшчэ 10 высокапастаўленых афіцэраў Галоўнага камандавання.
Выказванне лідара апазіцыі рашуча абверглі кіроўныя правыя сілы. Галоўнае камандаванне абвясціла ў Twitter, што «ніводзін з высокапастаўленых афіцэраў Галоўнага камандавання Узброеных сіл не падаў у адстаўку».
Міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак(Mariusz Błaszczak) заявіў, што няма згоды на ўцягванне Войска польскага ў выбарчую кампанію. Кіраўнік Мінабароны абвінаваціў Дональда Туска ў спробе выклікаць хаос:
- Няма згоды на ўцягванне Войска польскага ў выбарчую кампанію. Сёння Туск схлусіў, калі заявіў, што, быццам бы, 10 высокапастаўленых афіцэраў Галоўнага камандавання падало ў адстаўку. Гэта ілжывая інфармацыя. Магчыма ейная мэта – выклікаць хаос у сітуацыі, калі ля межаў Польшчы працягваецца вайна.
Заявай лідара «Грамадзянскай платформы» абураная былая кіраўнічка польскага ўраду, еўрадэпутатка Бэата Шыдла(Beata Szydło). Такая інфармацыя не служыць бяспецы дзяржавы перасцерагла яна:
- Дональд Туск сваёй заявай, сваёй хлуснёй пра тое, што нібыта ў яго інфармацыя пра адстаўкі польскіх генералаў, хоча «падпаліць Польшчу». Гэтую інфармацыю пачуюць не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах, у тым ліку, за нашай усходняй мяжой.
У сваю чаргу прэс-сакратар польскага ўраду Пётр Мюлер(Piotr Mueller) гарантаваў, што пасля зменаў армія дзейнічае нармальна і пытанне кадравых зменаў закрытае:
- Тое, што адбылося ўчора паказвае, што гэткія вакансіі можна вельмі хутка папоўніць. Нагадваю, у той жа дзень прэзідэнт прызначыў генерала Кукулу і генерала Кліша на вакантныя пасады. Справа вырашана, камандаванне працягваецца, армія нармальна дзейнічае. Нагадваю, зараз польская армія – гэта каля 180 тысяч жаўнераў, а не двое. Праўда, яны важныя, але іх таксама можна замяніць іншымі генераламі з неабходным досведам.
У сваю чаргу прэм’ер Матэвуш Маравецкі лічыць, што лідар апазіцыі Дональд Туск спрабаваў выкарыстаць «выпадковыя адстаўкі» ў арміі, каб паказаць сітуацыю ў польскім войску ў ілжывым святле.
Нагадваем, генерал Раймунд Анджэйчак займаў пасаду начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Польшчы з 2018 года. Тады ж пастановай прэзідэнта Анджэя Дуды ён быў прызначаны на пасаду галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі. Раней ён камандаваў, у прыватнасці, 16-й механізаванай дывізіяй, браў удзел у місіях у Іраку і Афганістане.
У сваю чаргу да новага прызначэння генерал Мацей Кліш быў камандуючым Войскамі тэрытарыяльнай абароны, а генерал Веслава Кукула – генеральным камандуючым родамі войск Узброеных сіл Польшчы.
IAR/youtube/аз