Беларуская Служба

Расійскі флот хаваецца як мага далей ад Украіны і краін НАТА

26.10.2023 16:15
Частка караблёў Балтыйскага флоту перакідваецца на Ладажскае возера, а з Крыму – у Наварасійск.
Расійскі ракетны карабель «Самум»commons.wikimedia.org/A. Blinov/CC BY 4.0

Расія хутка губляе баяздольнасць на моры. Чарнаморскі флот знаходзіцца пад пастаянным ціскам з боку Украіны, а Балтыйскае мора пасля ўступлення Фінляндыі ў НАТА фактычна ператварылася ва ўнутранае мора краін Паўночнаатлантычнага альянсу. У сувязі з гэтым частка караблёў Балтыйскага флоту перакідваецца на Ладажскае возера, а з Крыму – у Наварасійск, паведамляе партал Ukraina.pl.

Пра тое, што Крэмль перакідвае частку Балтыйскага флоту на Ладажскае возера, на днях паведамілі расійскія СМІ са спасылкай на крыніцы ў Мінабароны РФ. Такім чынам Масква рэагуе на ўступленне Фінляндыі ў НАТА і хуткае далучэнне да альянсу Швецыі, якое адбудзецца неўзабаве.

У Ладажскае возера накіраваныя два малыя ракетных караблі «Савецк» і «Адзінцова». Яны з'яўляюцца носьбітамі ракет «Калібр». Караблі перайшлі з Фінскага заліву па рацэ Нява, што не зʼяўляецца праблемай для адзінак такога класу. Але, як адзначаюць эксперты, ужо не факт, што наступныя па рангу караблі Балтыйскага флоту, такія як карвет «Сцерагушчы», змогуць прайсці ў Ладажскае возера. Найбольшая іх асадка – каля 8 метраў, у той час як Нява ў асобныя месяцы мае максімальную глыбіню менш за 5 метраў.

У цэлым, на думку экспертаў, за апошнія паўтара года баяздольнасць Балтыйскага флоту значна знізілася. Дадзеныя Інстытуту вывучэння вайны сведчаць аб тым, што Расія страціла здольнасць весці маштабныя дэсантныя наступальныя аперацыі сіламі балтыйскіх маракоў.

Што да расійскай 336-й брыгады марской пяхоты, якая базуецца ў Балтыйску, то, на думку экспертаў, гэтае падраздзяленне панесла страты ў баях ва Украіне, што істотна паўплывала на баяздольнасць Балтыйскага флоту.

Увогуле расійская марская пяхота моцна зменшылася з-за таго, што Крэмль кідае гэтыя брыгады ў пастаянныя штурмы. У свой час расійскія войскі трацілі 150-300 марскіх пехацінцаў у дзень.

Трэба таксама нагадаць, што ўкраінцы патапілі флагман расійскага Чарнаморскага флоту ракетны крэйсер «Масква», пашкодзілі некалькі іншых караблёў і адну падводную лодку. У сувязі з гэтым Расія была вымушаная перадыслакаваць большую частку сваіх баявых караблёў з Севастопаля ў Наварасійск. Спадарожнікавыя здымкі сведчаць пра тое, што Севастопаль пакінулі два фрэгаты, вартавы карабель і ўсе тры баяздольныя субмарыны.

Аднак, на думку аналітыкаў, на гэтым уцёкі расійскага флоту з Крыму не скончацца. Нядаўна расійскія ўлады паведамілі аб намеры перанесці свой флот яшчэ далей – у акупаваную Абхазію, дзе будзе пабудаваная новая ваенна-марская база.

вс

на здымку: расійскі ракетны карабель «Самум», які пашкодзілі ўкраінскія узброеныя сілы