Беларуская Служба

Аналітык Павел Слюнькін: Прапаганда і рэпрэсіі дапамагаюць «адкусваць кавалкі» ад масы негатыўна настроеных людзей

27.10.2023 16:29
Замарожванне палітычнай сітуацыі ўнутры Беларусі на некалькі год – ці гэта магчыма і як гэта будзе ўплываць на працэсы, якія адбываюцца ў беларускім грамадстве? А Што з беларускай эміграцыяй, якая з кожным днём аддаляецца ад вяртання дадому? Пагаварылі з экс-супрацоўнікам МЗС Беларусі, аналітыкам Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах (ECFR) Паўлам Слюнькіным пра магчымыя сцэнары развіцця падзей.
      (ECFR)  .
Аналітык Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах (ECFR) Павел Слюнькін.Фота з адкрытых крыніц

Слухайце размову ў далучаным файле!

— Калі існая сітуацыя замарозіцца на працяглы час, што будзе адбывацца з беларускім грамадска-палітычным рухам за мяжою і ў Беларусі?

- Агульнымі катэгорыямі ўсё паўтарацца не можа. Нават за 2023 году нас з'явілася ядзерная зброя, зʼявіліся вагнэраўцы на тэрыторыі Беларусі і вагнэраўцаў не стала. Колькасць расійскіх войскаў павялічвалася, а цяпер яна мінімальная за ўвесь перыяд пасля пачатку вайны ва Украіне. Таму казаць, што сітуацыя запаволіцца, замарудзіцца, складана, бо яна развіваецца ў розных кірунках.

Калі ў Беларусі рэжым захоўваецца, застаецца прарасійскім і ў Расіі рэжым трымаецца, то я б сказаў, што ёсць два галоўных пункта, на якія трэба было б звярнуць увагу. Першае, паступовая русіфікацыя Беларусі. І я кажу не толькі пра культурную, моўную русіфікацыю, а пра інстытуцыянальную русіфікацыю – дзяржаўнага апарата, банкаўскай сферы, эканомікі. Гэта ўсё будзе станавіцца больш падобным на расійскае, уплыў Расіі таксама будзе павялічвацца. Гэты трэнд мы фіксуем з пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе.

Другое, прапаганда. Нягледзячы на тое, што беларускае грамадства паказала сваю нязгоду ў існай уладай, прапаганда і рэпрэсіі дапамагаюць «адкусваць кавалкі» ад масы негатыўна настроеных людзей, яны сыходзяць у апалітычныя групы. Галоўны электарат рэжыму не павялічваецца, але адбываецца дэпалітызацыя ці людзі пераходзяць з катэгорыі тых, хто падтрымлівае дэмакратычныя сілы, у катэгорыю нейтральных, тых, хто «ні туды, ні сюды». Калі не будзе дэстабілізуючых падзей унутры Беларусі і Расіі, калі ўлада будзе трымаць моцную руку над тэрыторыяй, мы будзем бачыць развіццё гэтых двух галоўных трэндаў.

Што тычыцца эміграцыі, то за мяжою цяпер жыве пад мільён беларусаў. Але палітычнай, культурнай, дзейнасцю займаюцца некалькі тысяч чалавек, усе астатнія проста жывуць сваім жыццём. Хаця гэта не значыць, што яны не беларусы ці не хацелі б, каб Беларусь стала дэмакратычнай. Калі глядзець на эміграцыю такім чынам, то бачым групу людзей, якая залежыць ад таго, ці будзе падтрымка заходніх краін – фінансаванне праектаў, дапамога ў легалізацыі.

Другое, матывацыя. Калі ў Беларусі і ў Расіі гэтая сітуацыя будзе ўсё больш і больш замарожвацца, то ўсё больш і больш людзей будуць расчароўвацца. Яны будуць шукаць новыя магчымасці для сябе, для самарэалізацыі. І дэпалітызацыя, пра якую я казаў унутры Беларусі, будзе такім жа чынам уплываць і на замежжа.

Таму, чым больш будзе ўвагі да гэтых груп, чым больш яны будуць бачыць, што іх праца нейкім чынам уплывае на працэсы, тым павольней будуць ісці працэсы стомленасці.

— Беларусь самаізалюецца, разам з тым бачна, што ўлады турбуюцца з нагоды вялікага адтоку ў краіны працоўнай сілы. Наколькі вялікія шанцы, што дзяржава закрые межы знутры?

— Мне здаецца, што ўсімі сваімі дзеяннямі Лукашэнка паказвае, што не настроены гэтага рабіць. У яго была магчымасць зачыніць мяжу даўно, але ён гэтага не робіць. Наадварот, уводзіў бязвізавыя рэжымы для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы. Спрабуе паказваць, што не хацеў бы, каб мяжа была закрытая. І нават калі гаворым пра адток прафесіяналаў, медыкаў, студэнтаў, то можна было ўвесці выязныя візы, як у СССР, або забараніць выезд з краіны выпускнікам ВНУ на працягу 5-10 гадоў. Сітуацыя з міграцыяй доўжыцца ўжо тры гады, але такіх захадаў не робяць. Ён шукае іншыя метады, каб зменшыць уплыў гэтых трэндаў на дзяржаву.

— Ідзе збор інфармацыі пра тое, якія дазволы на жыхарства, пашпарты якіх краін маюць беларусы. Як мяркуеце, чаго можна будзе чакаць?

— Таго ж, як і з указам Лукашэнкі наконт замены пашпартоў, аперацый з нерухомасцю для тых, хто знаходзіцца не ў краіне – абмежаванне суб’ектнасці і ўплыву эміграцыі на грамадства. Ён адразае людзей, якія за мяжою, помсціць, ускладняе жыццё. Людзей, якія падалі звесткі пра свае замежныя дакументы, верагодна будуць абмяжоўваць у правах у Беларусі. Магчыма, гэта будзе ўплываць на людзей, якія жывуць у Беларусі, але, напрыклад, маюць «карту паляка» ці часта ездзяць за мяжу. Гэта робіцца, каб вярнуць людзей пад свой кантроль, зменшыць уплыў на беларускіх грамадзян, як ім гэта здаецца.

І наш суразмоўца, Павел Слюнькін не памыліўся ў сваім прагнозе. Сёння стала вядома што Лукашэнка ўнёс змены ў Палажэнне аб дыпламатычнай службе. Раней перашкодай стаць дыпламатам было замежнае грамадзянства жонкі ці мужа. Цяпер на пасаду ў МЗС не могуць прэтэндаваць і тыя, у каго муж ці жонка маюць замежны дазвол на жыхарства ці іншы дакумент, які дае права на пастаяннае пражыванне за мяжой ці льготы ў звязку з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасцю. Рашэнне аб прыёме на дыпламатычную службу (ці працягненні знаходжання на ёй) чалавека, у чыіх блізкіх сваякоў ёсць такі замежны дакумент узгадняецца з КДБ. Пры прыёме на працу дыпламаты будуць абавязаныя праходзіць паліграф.

вх

Палітолаг Яўген Магда: Для Беларусі патрэбная палітычная тактыка «салямі»

26.10.2023 20:35
Ці можна казаць, што свет стаміўся ад украінскіх праблем? А што з Беларуссю, якая ўжо некалькі год у стане зацяжнога палітычнага крызісу, дзе выхад? Задалі гэтыя пытанні дырэктару ўкраінскага Інстытуту сусветнай палітыкі Яўгену Магду, які, да слова, добра абазнаны ў беларускім пытанні.