Беларуская Служба

На саміце ЕС абяцалі падтрымку Украіне, але суму не назвалі

30.10.2023 13:01
Лідары краін ЕС абяцалі фінансавую дапамогу Украіне на саміце ЕС, які прайшоў у Бруселі. Аднак канкрэтыкі не было. Гаворка таксама ішла пра міграцыю і сітуацыю на Блізкім Усходзе.
Аўдыё
  • На саміце ЕС абяцалі падтрымку Украіне, але суму не назвалі
Урсула фон дэр ЛяенPAP/EPA/GEORGI LICOVSKI

Еўрасаюз і яго краіны-члены працягнуць аказваць Украіне пастаянную ваенную падтрымку, у прыватнасці з выкарыстаннем Еўрапейскага фонду міру, гаворыцца ў фрагменце прынятых прапаноў, прысвечаных Украіне. Сярод іншага, ёсць напамін аб абяцанні пастаўкі мільёна штук амуніцыі.

Пазіцыя ЕС па тэме падтрымкі Украіны адлюстраваная ў заяве старшыні Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен:

-Нягледзячы на геапалітычнае напружанне на Блізкім Усходзе, мы ўвесь час засяроджваемся на падтрымцы Украіны. Мы надалей будзем пастаўляць ёй зброю і аказваць фінансавую падтрымку.

Калі казаць пра фінансавую падтрымку, то ў выніковых дакументах не называецца ніводная сума. Вядома, што цяпер у ЕС ідзе дыскусія аб перадачы да 2027 году 50 мільярдаў еўра. Сюды ўваходзяць і пазыкі, і датацыі. Рашэнне павінна быць прынята да канца году.

Адзіны супраціў гучыць з боку Венгрыі і Славакіі. Кіраўнічка эстонскага ўраду Кая Калас ставіла наступнае пытанне прэм’ерам гэтых краін:

-Калі мы не дапаможам Украіне, то якая ў нас ёсць альтэрнатыва? Калі Расія выйграе, то што будзе далей? Чаму вы думаеце, што будзеце бяспечнымі, калі мы цяпер аддамо Украіну і перастанем яе падтрымліваць?

Пасля саміту таксама вядома, што будзе план выкарыстання расійскіх актываў для адбудовы Украіны, расказала карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Бэата Пламэцка:

-Не вядома яшчэ калі. Старшыня Еўрапейскай камісіі паінфармавала пра тое, да чаго схіляецца ЕК: гэта надзвычайны падатак ад надзвычайных зыскаў заблакаваных актываў Цэнтральнага банку Расіі. Нагадаем, агулам гэтых заблакаваных актываў на тэрыторыі ЕС ёсць больш за 200 мільярдаў еўра. Пачаткова сярод членскіх краін было шмат энтузіязму па гэтаму пытанню, цяпер я бачу, што пачынаюцца заўвагі, што трэба вельмі асцярожна вывучыць усе юрыдычныя аспекты. Таксама ідуць перамовы з Еўрапейскім цэнтральным банкам, паколькі некаторыя лічаць, што гэта можа ўплываць на аўтарытэт зоны еўра.

Саміт ЕС прысвяціў шмат увагі тэме нелегальнай міграцыі. Тэма экстрадыцыі для многіх краін з’яўляецца праблемай. Афрыканскія дзяржавы не хочуць прымаць назад сваіх грамадзян, якія нелегальна прыбылі ў Еўропу. Паявіўся заклік больш сціслай супрацы членскіх краін і абмену інфармацыі аб іншаземцах, якія не атрымалі статусу ўцекача ў канкрэтнай краіне, каб яны не рабілі падобных спроб у іншых краінах-членах.

Па пазіцыі Блізкага Усходу з аднаго боку ёсць адзінства, але з іншага краіны ЕС па-рознаму акцэнтуюць справу. Розніца ў падыходзе ёсць нават сярод лідараў еўрасаюзаўскіх інстытутаў, кажа Бэата Пламэцка:

-Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен агучыла праамерыканскую пазіцыю, падтрымала Ізраіль. На другім баку старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль, ён у сваіх выказваннях нагадаў, што ізраільская блакада сектара Газа парушае гуманітарнае права, ён схіляецца да прапалестынскай пазіцыі. На спыненне агню не было згоды Чэхіі, Аўстрыі і Германіі, хацелі гэтага Ірландыя і Іспанія. Аднак ёсць заклік да гуманітарных паўз і калідораў, каб даставіць гуманітарную дапамогу да сектара Газа.

Ці з гэтых розніц у падыходзе да справы Украіны і Блізкага Усходу ўдасца збудаваць моцную пазіцыю ў Еўрасаюзе? Дырэктар Еўрапейскага цэнтра Варшаўскага ўніверсітэту Каміль Заянчкоўскі кажа, што моцнай пазіцыі не будзе. Вайсковая дапамога для Украіны застанецца, але яна ў асноўным ідзе з НАТА, гаворыць эксперт:

-Праблема ў тым, што ў сакавіку ЕС абавязаўся на працягу году перадаць мільён штук амуніцыі. Абяцанне рэалізаванае толькі ў 30%. Да сакавіка не засталося шмат. Ужо чуваць, што некаторыя краіны ЕС хочуць падаўжэння гэтага тэрміну да ліпеня. Гэта азначае аслабленне Украіны. Таму добра, што ёсць згода на тэму Украіны, хоць дзве краіны сказалі не, але вырашальны голас маюць ЗША.

Каментуючы адрозны падыход да ізраільска-палестынскага канфлікту Каміль Заянчкоўскі тлумачыць, што з сама пачатку ўзнікнення дзяржавы Ізраіль краіны Еўропы былі падзеленыя: адныя былі на баку Ізраілю, іншыя – Палестыны:

-І гэты падзел быў бачны на саміце. Адзінае, што з’яўляецца магчымым для дасягнення ў пытанні Блізкага Усходу, гэта пытанне гуманітарных калідораў. Скажам шчыра, што ЕС не з’яўляецца гульцом нумар 1, калі гаворка пра Блізкі Усход. Гульцы нумар адзін – гэта ЗША, падчас халоднай вайны гэта быў СССР, а цяпер Іран, часткова Турцыя, але напэўна не Еўрасаюз, – адзначыў дырэктар Еўрапейскага цэнтра Варшаўскага ўніверсітэту Каміль Заянчкоўскі.

ав

слухайце аўдыё