Ад Украіны Варшава чакае згоды на ўшанаванне памяці загінулых ў этнічных чыстках на Валыні.
Вось ужо другі год польскія палітыкі кажуць пра неабходнасць дамагчыся ад Германіі выплаты рэпарацый за шкоды нанесеныя нацыстамі Польшчы падчас ІІ Сусветнай вайны. 6 трыльёнаў злотых, 200 мільярдаў злотых – настолькі ацаніў польскі ўрад страты краіны ад нямецкага нападу, які адбыўся 84 гады таму. Польскія ўлады афіцыйна заклікалі Берлін выплаціць рэпарацыі, аднак урад Нямеччыны адмаўляе. Нямецкая пазіцыя вынікае з дэкларацыі Дзяржаўнага савета Польскай Народнай Рэспублікі 1953 года, калі Польшча адмовілася ад прэтэнзій на кампенсацыю шкоды.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Аркадыюш Мулярчык заявіў, што не бачыць перашкод для таго, каб новы ўрад працягваў дамагацца ад Нямеччыны выплаты ваенных рэпарацый. Госць Польскага Радыё нагадаў, што 14 верасня мінулага году была прынятая пастанова Сейму, якая абавязвала кожны ўрад займацца гэтай справай, яе падтрымалі амаль усе парламенцкія фракцыі. Аркадыюш Мулярчык падкрэсліў, што распачатая дзейнасць ужо прыносіць плён на міжнароднай арэне, таму яе трэба працягваць.
- Будучы ў Сейме я буду гучна ўздымаў гэтую тэму ды заклікаў урад і парламент працягваць пачатыя дзеянні. Шмат чаго ўдалося дасягнуць. Тэма гучыць у свеце, вядомая міжнародным арганізацыям. Сёння трэба паставіць кропку, то бок заахвоціць Германію праз міжнародны ціск і дыпламатыю да закрыцця пытання. Я думаю, што гэта магчыма пры добрай волі галоўных палітычных сіл краіны.
Намеснік кіраўніка МЗС дадаў, што вельмі карысным у гэтым пытанні можа быць міжнародны механізм вырашэння гістарычных спрэчак па кампенсацыі ваенных страт. Праект, прапанаваны брытанскім парламентарыем лордам Кінам, пакуль абмяркоўваецца ў Радзе Еўропы.
Цяпер польскае Міністэрства замежных спраў заяўляе, што рыхтуе справаздачу аб ваенных стратах Польшчы ў выніку агрэсіі і акупацыі СССР. Намеснік міністра замежных спраў Аркадыюш Мулярчык паведаміў, што МЗС Польшчы працуе над справаздачай аб ваенных стратах, якія Польшча панесла ад Савецкага Саюзу падчас Другой сусветнай вайны.
Госць Польскага Радыё патлумачыў, што Міністэрства замежных спраў мае папярэднія аналізы і меркаванні адносна страт, нанесеных палякам саветамі. На яго думку, неабходна падрыхтаваць даклад, ідэнтычны дакладу аб рэпарацыях з Германіі. Ён дадаў, што тут Польшча можа супрацоўнічаць, напрыклад, з краінамі Балтыі, якія таксама былі незаконна атакаваныя і акупаваныя СССР падчас Другой сусветнай вайны.
Аркадыюш Мулярчык лічыць, што тут патрэбныя міжнародныя механізмы. На ягоную думку, магчыма атрымаць кампенсацыю ад Расіі, хоць фармальна Савецкі Саюз быў сярод пераможцаў у Другой сусветнай вайне.
- Глыбока веру, што ў выпадку стварэння адпаведных механізмаў у Радзе Еўропы, а ў будучыні ў ААН, мы створым такія працэдуры, якія змусяць, напрыклад, Расію, якая за 5-10 гадоў захоча вярнуцца ў сістэму міжнароднага права, адказваць на пытанні пра страты. Маўляў, калі хочаш быць у міжнародных арганізацыях, тады мусіш заплаціць рэпарацыі за беззаконную агрэсію ды вайну.
У адносінах з Украінай, польскі ўрад дамагаецца вяртання гістарычнай справядлівасці. Міністр у канцылярыі прэм'ер-міністра Міхал Дворчык заявіў, што Польшча мае «маральнае права» патрабаваць ушанавання памяці злачынстваў украінскага нацыяналізму на Валыні і Падоллі. Госць Польскага радыё падкрэсліў, што адкрыццё масавай магілы палякаў у Пузьніках з'яўляецца доказам умацавання польска-украінскіх стасункаў.
- Мы ведаем, хто адказны за расстрэлы ў Пузніках. Гэта быў адзін з мясцовых атрадаў УПА. Сёння Украіна, якая змагаецца і бароніцца ад расійскай агрэсіі, прадстаўляе УПА ў сваёй гістарыяграфіі не зусім праўдзівы, частковы ідэалагізаваны спосаб. Мы свядомыя нашай гістарычнай праўды і мае абсалютнае права дамагацца пошуку ды годнага пахавання для ўсіх ахвяр расстрэлах.
Пазаўчора (28 кастрычніка) у былым мястэчку Пузнікі Тэрнопальскай вобласці ва Украіне была знойдзеная масавая магіла палякаў, забітых у 1945 годзе ўкраінскімі нацыяналістамі. Колькасць людзей у магіле можна будзе вызначыць толькі пасля эксгумацыі. Ва ўкраінскіх уладаў папрасілі дазволу на яго правядзенне і годнае пахаванне.
Гэта першы выпадак за больш чым дзевяць гадоў, калі ва Украіне знайшлі парэшткі палякаў, ахвяр украінскіх нацыяналістаў. Раней украінскія ўлады некалькі гадоў блакавалі такую працу.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч