Беларуская Служба

Польскае МЗС: Мы хочам эвакуяваць усіх палякаў з Сектара Газа

02.11.2023 08:20
Паводле польскага віцэ-міністра, эвакуацыю ўскладняюць абодва бакі канфлікту.
Пошукавыя аперацыі пасля авіяўдару па лагеры бежанцаў ДжабаліяPAP/EPA/MOHAMMED SABER

Мы робім усё, што толькі можам, каб эвакуяваць нашых суайчыннікаў з Сектара Газа. На жаль, пакуль гэта не магчымае, кажа ў размове з выданнем Fakt намеснік кіраўніка польскага МЗС.

Паводле Паўла Яблоньскага, з аднаго боку Ізраіль «спасылаецца на ваенную сітуацыю», а з другога, ХАМАС «ускладняе эвакуацыю, бо хоча ўтрымаць людзей у раёнах, якія ён кантралюе». «Але мы не спыняем намаганняў, каб нашы суайчыннікі эвакуяваліся бяспечна», – запэўнівае намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Адначасова Павел Яблоньскі, адмовіўся каментаваць пытанне аб меркаваных польскіх закладніках у Сектары Гааза.

Газета нагадвае, што член польска-ізраільскай парламенцкай групы Анна Марыя Жукоўска неўзабаве збіраецца ў Ізраіль. Яна плануе наведаць месцы, пацярпелыя ад нападаў ХАМАСу, паразмаўляць з уладамі кібуцаў, з якіх былі выкрадзеныя людзі.

«Сярод выкрадзеных ХАМАСам закладнікаў ёсць грамадзяне Польшчы. Нашыя суайчыннікі ёсць таксама ў Сектары Газа, таму трэба дзейнічаць», – сказала ў размове з выданнем Fakt дэпутатка ад левых сілаў.

аз