«Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае хлусню, каб атакаваць Польшчу і Захад – вінаваціць ЕС у міграцыйным крызісе на мяжы з Беларуссю і цынічна заяўляе пра гатоўнасць «дамаўляцца» з Захадам, каб спыніць хвалю міграцыі», – паведаміў у сацсетках упаўнаважаны польскага ўраду па бяспецы польскай інфармацыйнай прасторы Станіслаў Жарын.
Ён таксама нагадаў, што беларускі дыктатар ілжыва абвінавачвае суседнія краіны ў тым, што яны нібыта перакідваюць на тэрыторыю Беларусі целы загінулых мігрантаў, што, паводле беларускага боку, з'яўляецца доказам варварства з боку Захаду. Таксама называе палякаў «нягоднікамі і тэўтонцамі», якія нібыта вінаватыя ў гібелі замежнікаў на мяжы, паведамляе старонка wpolityce.pl.
«Лукашэнка маніпулюе фактамі, прадстаўляючы сітуацыю на мяжы паміж Беларуссю і Еўрасаюзам як... вынік вайны ва Украіне і ўвядзення эканамічных санкцый ЕС у дачыненні да Мінска», – напісаў Жарын, нагадаўшы, што гібрыдная аперацыя на мяжы працягваецца з 2021 года.
Паводле слоў Станіслава Жарына, беларускі прапагандысцкі апарат у апошнія дні актывізаваў агрэсіўную інфармацыйную дзейнасць супраць Польшчы, якая дапаўняе аперацыю па дэстабілізацыі сітуацыі на польска-беларускай мяжы з дапамогай штучна стымуляванага міграцыйнага ціску.
«У рамках гэтай дзейнасці мінскі рэжым таксама стварыў вэб-сайт з мэтай «дакументаваць выпадкі польскіх і літоўскіх злачынстваў супраць бежанцаў» на мяжы з Беларуссю з сярэдзіны 2021 года», – звяртае ўвагу ўпаўнаважаны польскага ўраду па бяспецы польскай інфармацыйнай прасторы.
На думку Станіслава Жарына, у бліжэйшы час варта чакаць росту прапагандысцкіх нападаў на Польшчу і дзеянняў, з мэтай дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне.
«Пры гэтым Мінск і Масква будуць пасылаць сігналы аб гатоўнасці да «нармалізацыі» адносінаў з Польшчай» – адзначыў палітык.
«Гэта трэба ацэньваць як палітычную і псіхалагічную гульню з мэтай паўплываць на будучы ўрад, каб змяніць палітыку Польшчы ў дачыненні да Расіі і Беларусі і прымусіць Польшчу адмовіцца ад дапамогі Украіне», – у InfoAlert упаўнаважаны польскага ўраду па бяспецы інфармацыйнай прасторы Станіслаў канстатаваў Жарын.
аз