Інтэрнет-выданне Niezalezna.pl разважае пра незалежнасць Польшчы ў кантэксце яе членства ў Еўрасаюзе. Гэта звязана з адзначэннем 105-ай гадавіны вяртання незалежнасці польскай дзяржавы, якая прыходзіцца на 11 лістапада.
«У мінулым Берлін ужо спрабаваў зрабіць Германію звышдзяржавай, і гэта скончылася дрэнна», – кажа старшыня Асацыяцыі «Марш незалежнасці» Роберт Банкевіч (Robert Bąkiewicz). Гаворка ідзе пра Марш незалежнасці 11 лістапада. Суразмоўца выдання, дэпутат Сейму ад партыі «Права і справядлівасці» падкрэслівае, што з-за пагроз, якія ўзнікаюць у выніку змяненняў у дамовах Еўрасаюза, неабходна яшчэ мацней падкрэсліваць незалежнасць і суверэнітэт Польшчы.
– Марш Незалежнасці – гэта падзея, якая павінна аб’ядноўваць і павінна матываваць палякаў вызначыцца, паказаць, што палякі любяць незалежнасць, што палякі дзеля незалежнасці будуць працаваць, а калі будзе неабходна, яны нават памруць за незалежнасць, – мяркуе Банкевіч.
Паводле ягоных словаў, змены, якія адбываюцца ў Еўрасаюзе, вымушаная трансфармацыя дамоваў супольнасці, «значна абмяжуюць польскі суверэнітэт, можна нават сказаць, што і незалежнасць».
– Гэтыя аргументы, што будзе агульнае войска, што немцы будуць кіраваць польскім войскам, што немцы будуць вызначаць, напрыклад, знешнюю палітыку, таму што гэта будзе фактычны падзел гэтай палітыкі. У кантэксце, напрыклад, падзеяў ва Украіне, калі пачалася вайна, калі немцы нават заахвочвалі ўкраінскі бок не працягваць вайну, яны паказалі сябе нават прыхільнікамі Расіі. Давайце ўявім, як немцы будуць вызначаць польскія інтарэсы ў магчымым канфлікце з Расіяй.
Паводле Банкевіча, калі Польшча пагодзіцца прыняць змены, гэта будзе азначаюць менш грошай для палякаў, польская эканоміка будзе менш канкурэнтаздольнай.
Палітык таксама пракаментаваў заяву кіраўніка нямецкага міністэрства нацыянальнай абароны Барыса Пісторыуса, які, між іншым, сказаў, што Германія «нясе вялікую адказнасць як самая густанаселеная, эканамічна наймацнейшая краіна ў цэнтры Еўропы» і павінна быць «асновай стрымлівання і калектыўнай абароны ў Еўропе».
- Мы гэта чулі ў 1930-я гады, немцы казалі пра сябе падобным чынам. Немцы ўвесь час мараць пра веліч. Гэтая мара скончылася велізарнымі трагедыямі для Еўропы, – пракаментаваў Банкевіч.
Ён дадаў, што Берлін хоча рэалізаваць праект вялікай Германіі і залежных ад яе малых краін ЕС. – Гэта вельмі небяспечная сітуацыя для Польшчы і палякаў, у якой мы сапраўды будзем нацыяй не толькі без гарантый бяспекі, таму што цяжка ўявіць, каб немцы клапаціліся пра нашу бяспеку, але мы будзем проста беднай нацыяй, якая не дагоніць па ўзроўні жыцця заходніх суседзяў.
нг