У выданні Gazeta Polska Codziennie гутарка з дэпутаткай Еўрапейскага парламенту ад польскай партыі «Права і справядлівасць» Бэатай Шыдла. Яна кажа, у прыватнасці, што змена дамоваў Еўрасаюзу паўплывае на штодзённае жыццё кожнага паляка.
Яна адзначае, што запланаваныя змены ў дамовах ЕС, такія, як перадача Бруселю паўнамоцтваў у галіне бяспекі, аховы межаў, падаткаў, сістэмы аховы здароўя ці адукацыі, не зʼяўляюцца неабходнымі дзеля прыняцця новых чальцоў, у тым ліку Украіны і Малдовы. Польшча падтрымлівае ўваход гэтых краін у супольнасць, але не за кошт абмежавання суверэнітэту краін-сябраў.
«Самая важная змена датычыць права вета. Сёння дзяржавы-члены маюць права вета на рашэнні Еўрапейскай рады па ключавых для іх пытаннях, калі яны наносяць шкоду іх інтарэсам», – кажа Шыдла. Паводле яе слоў, гэтае права зʼяўляецца гарантыяй захавання субʼектыўнасці дзяржаў-членаў у працэсе прыняцця рашэнняў. Таму змены паўплываюць на паўсядзённае жыццё жыхароў ЕС і суверэнітэт дзяржаў-членаў.
«Ці не павінна быць так, што парламентарыі, эксперты і бацькі ў Польшчы вырашалі, па якой праграме вучацца нашы дзеці, ці мы згодныя, каб школьная праграма была ўстаноўленая ў Бруселі, аднолькавая для ўсіх краін-членаў? Ці мы хочам мець уплыў на тое, якія падаткі мы плацім? Ці пакідаем гэтае рашэнне чыноўнікам Бруселю? Ёсць шмат пытанняў», – цытуе выданне словы Бэаты Шыдла.
У інтэрвʼю таксама закранаецца тэма бяспекі і абароны. Былая прэмʼер-міністр Польшчы адзначае, што Польшча зʼяўляецца сябрам НАТА, гэта гарантыя бяспекі. Германія, Францыя і іншыя краіны ЕС скарацілі інвестыцыі ў армію, а Польшча паслядоўна ўкладвала сродкі ў развіццё сваіх узброеных сілаў.
нг